Skip to main content

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Ракаве: «Ружанец — наша моц і абарона»

7 кастрычніка
  • 8 кастрычніка, 2026
  • Фота: Вольга Магала // Catholicminsk.by

7 кастрычніка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць у Ракаве, прысвечаную Маці Божай Ружанцовай.

Напачатку святой Імшы пасля прывітальнага слова пробашча парафіі ксяндза Дзмітрыя Чупрына, арцыпастыр нагадаў, што сёлета святыня, якая адзначае ўрачыстасць свайго тытулу, перажывае юбілей свайго 120-годдзя. «8 пакаленняў малілася ў гэтай святыні, якая на працягу гісторыі не заўсёды выконвала свае рэлігійныя функцыі, будучы замененая на склад ці магазін. Але Бог паказвае, што Ён — Пан гісторыі, што Ён піша прама па пакручастых лініях чалавечых лёсаў і што Ён ставіць апошнюю кропку над “і”», — падкрэсліў ён.

У гаміліі дастойны іерарх нагадаў гісторыю свята і расказаў пра духоўнае значэнне ружанцовай малітвы і яе актуальнасць для сучаснага свету.

Распавядаючы перадгісторыю свята, арцыбіскуп згадаў марскую бітву, якая адбылася ў 1571 годзе каля Лепанта, недалёка ад Грэцыі. Значна мацнейшай асманскай флаціліі супрацьстаяла слабейшая хрысціянская. Папа Пій V заклікаў вернікаў маліцца на ружанцы аб перамозе.

«І стаўся цуд: перамяніўся вецер, хрысціянская флацілія пераняла ініцыятыву і перамагла ў гэтым змаганні. Гэта была перамога, якая ўратавала хрысціянства ў Еўропе»,

— падкрэсліў іерарх.

Ён нагадаў, што спачатку свята называлася Маці Божай Перамогі, а пазней атрымала назву Маці Божай Ружанцовай. Паводле арцыбіскупа, змена назвы не азначае, што трэба забыцца на гісторыю або рабіць выгляд, быццам духоўных бітваў не існуе. Ружанец — гэта малітва ўдзячнасці за перамогу, здабытую шмат стагоддзяў таму, а таксама просьба аб міры ў свеце, поўным узброеных канфліктаў, і аб перамозе дабра над злом, змаганне з якім штодня адбываецца ў чалавечым сэрцы.

Арцыбіскуп Кандрусевіч назваў ружанцовую малітву «скаротам Евангелля»: яна засяроджвае ўвагу на жыцці Хрыста — ад нараджэння праз дзейнасць і цярпенне да хвалы, — а таксама на згодзе Марыі з Божай воляй і Яе ўзяцці з целам і душой у нябесную хвалу.

Іерарх звярнуў увагу прысутных на духоўны сэнс кожнага элемента малітвы. У Сімвале веры «Веру ў Бога» вернікі вызнаюць галоўныя праўды веры; у малітве «Ойча наш» пацвярджаюць, што Бог Айцец — Творца і пачатак збаўлення. Малітва «Вітай, Марыя» далучае да Божай Маці ў сузіранні Езуса, а ў словах «Хвала Айцу» праслаўляецца адзіны Бог у Найсвяцейшай Тройцы. У малітве «Без першароднага граху зачатая Марыя», паводле арцыбіскупа, выяўляецца надзея на заступніцтва Маці Божай у зямным жыцці і ў гадзіну пераходу ў вечнасць.

Ён таксама нагадаў, што ружанец дапамагаў захоўваць і перадаваць веру ў часы ганенняў. Калі не было святароў і святыняў, у руках людзей заставаўся ружанец: молячыся на ім, яны пазнавалі гісторыю збаўлення.

«Ружанец — не проста старадаўняя пабожная традыцыя нашых бабуль, а магутны духоўны інструмент для ўдасканалення хрысціянскага жыцця. Ён вяртае нас да Бога, дапамагае спраўляцца з жыццёвым хаосам і заклікае Духа Святога дзейнічаць у нас: ператвараць нашу слабасць у нешта сапраўднае і добрае, дапамагаць нам казаць “так” Божай волі і дазваляць Хрысту жыць у нас — тут і цяпер»,

— сказаў заслужаны іерарх.

Асобна арцыпастыр засяродзіў увагу прысутных на выкліках, з якімі сутыкаецца сучасны свет. Паводле яго, яны могуць стаць новай маральнай пагрозай для хрысціянства і прывесці да страты хрысціянскай тоеснасці. Усё часцей людзі жывуць так, быццам Бога не існуе, Божы закон падмяняюць правіламі, заснаванымі на чалавечых меркаваннях, а рэлігійная абыякавасць і крызіс веры паглыбляюцца.

«У выніку надыходзіць духоўная дэградацыя. Сям’я перажывае глыбокі крызіс, што падрывае падмурак грамадства. Складаная дэмаграфічная сітуацыя не абяцае добрай будучыні. Амаральная распуста становіцца нормай жыцця. Палітычныя, эканамічныя і рэлігійныя войны скаланаюць свет і зводзяць на нішто намаганні дзеля міру»,

— адзначыў іерарх.

Ён таксама звярнуў увагу на развіццё тэхналогій, асабліва лічбавых і штучнага інтэлекту. Разам са станоўчымі магчымасцямі яны, паводле арцыбіскупа, нясуць небяспеку ў выпадку неэтычнага выкарыстання і могуць пагражаць чалавечай годнасці.

У гаміліі прагучаў і заклік памятаць пра ролю Марыі ў гісторыі збаўлення. Арцыбіскуп нагадаў, што праз яе fiat — згоду з Божай воляй — Бог выбраў шлях, каб вывесці свет з грахоўнага змроку. Ён таксама згадаў перамогу хрысціянскай флаціліі ў XVI стагоддзі і заклік Марыі да малітвы і навяртання ў Фаціме ў 1917 годзе.

«Ружанец — наша моц і абарона», — падкрэсліў арцыбіскуп, заклікаючы маліцца на ружанцы, як да гэтага заклікаюць Рымскія Папы. Ён згадаў і пра завяршэнне распачатай Папам Львом XIV ружанцовай малітвы «Мільён дзяцей моліцца на ружанцы», прысвечанай інтэнцыі міру.

«Ружанец не можа проста ляжаць у шафе ці сумцы — ён павінен быць у нашых руках, а малітва — на нашых вуснах. З кожнай пацеркай мы можам давяраць Марыі свае праблемы і будучыню»,

— сказаў іерарх.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітвай да Маці Божай Ружанцовай:

«Сёння, у новы, пазначаны небяспечнымі выклікамі час, які пагражае стратай нашай хрысціянскай тоеснасці, просім цябе, Божая Маці Ружанцовая, выпрасі ў свайго Сына нам і нашаму народу ласку моцнай веры, каб мы перамаглі ў барацьбе за маральны лад з мэтай дасягнення міру ў свеце і ў душах людзей».

Пасля Імшы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам прысутныя, паводле даўняй парафіяльнай традыцыі, праспявалі Літанію да Маці Божай, а затым атрымалі ад арцыпастыра благаслаўленне Найсвяцейшым Санкрамэнтам.