Біскуп Юрый Касабуцкі
Нарадзіўся 15 лютага 1970 г. у Маладзечне на тэрыторыі сучаснай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне (1991 г.) вучыўся ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі і адбыў вайсковую службу.
Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 7 снежня 1996 г. Выконваў абавязкі вікарыя парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і св. Станіслава ў Магілёве і адміністратара парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. З 1999 г. па 2001 г. вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча), дзе атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі. З 2001 г. па 2004 г. выконваў абавязкі прэфекта Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. У 2004 г. прызначаны дырэктарам Сакратарыяту Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. З 2005 г. выконваў абавязкі канцлера курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З 2006 г. з’яўляўся таксама адміністратарам парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. З’яўляўся выкладчыкам у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і Тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля ў Мінску.
29 лістапада 2013 г. Святы Айцец Францішак прызначыў кс. Юрыя Касабуцкага дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 25 студзеня 2014 г. атрымаў біскупскае пасвячэнне.
З’яўляецца Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Сімволіка герба
Дэвізам свайго служэння іерарх абраў словы “Manere in Christo” – “Трываць у Хрысце”.
Літара “М” на гербе – знак Багародзіцы Марыі. Лілія ўверсе сімвалізуе Маці Божую Будслаўскую. У сувязі з гэтым біскуп згадаў, што аддае сваё служэнне пад апеку Найсвяцейшай Панне Марыі, Маці Хрыста.
З іншага боку на гербе знаходзіцца вінаградная лаза і плод, які, па словах біскупа, даецца галінкам, якія трываюць у Хрысце. Гэта звязана з дэвізам, які абраў новы іерарх, – словамі з Евангелля “Manere in Christo” – “Трываць у Хрысце” (пар. Ян 15, 4) з прыпавесці пра вінаградную лазу і галінкі. Гэтыя словы на лацінскай мове размешчаны ўнізе герба. “”Хто трывае ўва Мне – прыносіць плён”, – нагадаў біскуп Юрый Касабуцкі словы са Святога Пісання. – І вінаградная лаза на гербе – сімвал трывання ў Хрысце. Таму што ў маім жыцці Хрыстус таксама паказаў вельмі шмат цудаў, якія ўжо пазней, праз некалькі гадоў, можна было інтэрпрэтаваць сыходзячы з падзей. Трыванне ў Хрысце прыносіць плён, нягледзячы ні на што”.
Кніга, прадстаўленая на гербе ўнізе, сімвалізуе, як патлумачыў біскуп, абвяшчэнне Божага слова. “Альфа і амега – гэта значыць Біблія, якая заключае ў сабе абсалютна ўсё, што нам патрэбна для збаўлення”, – дадаў новапрызначаны іерарх.