Аплаткавая сустрэча для медыкаў з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB прайшла ў Бараўлянах
- 22 снежня, 2025
- Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC
- Паводле Sdb.by
18 снежня ў Мінскай абласной бальніцы ў Бараўлянах адбылася аплаткавая сустрэча з удзелам дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB з лекарамі і медычным персаналам.
Разам з біскупам на сустрэчы прысутнічалі святары салезіяне, якія працуюць у Бараўлянах, у супольнасці святога Дамініка Савіо.
Cустрэчу адкрыў ксёндз канонік Віктар Гайдукевіч SDB, які прывітаў біскупа Аляксандра і ўсіх прысутных.
Па словах ксяндза Віктара, дзяленне аплаткай — гэта просты знак, які выразна паказвае, што сапраўднае служэнне будуецца на здольнасці дзяліцца і на павазе да другога чалавека.

Пасля чытання традыцыйнага ўрыўка з Евангелля, які распавядае пра Божае Нараджэнне і супольнай малітвы біскуп падзяліўся гісторыяй, што ў сярэдневечнай Францыі злачынцаў часта адпраўлялі адбываць сваё пакаранне на галерах, дзе яны былі вымушаныя цяжка працаваць. Калі на караблі з’яўлаяліся новыя пасажыры, веславалі так ціха, каб было чуваць размовы людзей на версе. Ім было важна чуць гэтыя размовы, бо яны чакалі радаснай навіны: можа ў караля нарадзіўся сын, і прыйдзе амністыя, а можа кароль выдасць нейкі маніфест, у якім іх памілуе. Гэтыя людзі, нягледзячы на цяжкі стан, на сваю галечу, прагна чакалі добрай навіны.
«Для мяне гэта прыгожае параўнанне з тым, што здарылася больш за дзве тысячы гадоў таму, калі Анёл прыйшоў да пастушкоў і сказаў: “Я абвяшчаю вам радасць, сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца”, той, хто вызваліў з няволі, якім ёсць Хрыстус Пан.
— так іерарх павіншаваў прысутных і падзякаваў ім за іх складаную і вельмі важную працу.

Таксама з нагоды святкавання 25-годдзя парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў біскуп Аляксандр уручыў кіраўніцтву бальніцы падзячную грамату за плённае і адказнае супрацоўніцтва, якое садзейнічае ўмацаванню духоўных і маральных каштоўнасцяў дзеля агульнага дабра Касцёла і Айчыны.
Пасля адбылося традыцыйнае дзяленне аплаткай. Прысутныя з радасцю дзяліліся добрымі зычэннямі, усмешкамі і словамі віншаванняў з біскупам, са святарамі, якія прысутнічалі на сустрэчы, а таксама адно з адным.


























