Skip to main content

Акцыя «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы» адбылася ў Мінску

7 кастрычніка
  • 9 кастрычніка, 2025
  • Фота: з архіва Місіі Добрага Самараніна // Catholicminsk.by

7 кастрычніка адбылася сусветная малітоўная акцыя «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы». Дзеці з розных куткоў Беларусі далучыліся да акцыі, разам з аднагодкамі ўзносячы свае малітвы праз заступнцітва Маці Божай.

Так, напрыклад, дзеці, якія наведваюць Місію Добрага Самараніна, іх бацькі, а таксама іх сябры з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, якія адмыслова прыбылі ў Мінск, супольна маліліся на Ружанцы ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры. Акцыя была арганізавана адказнай за душпастырства дзяцей Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сястрой Чаславай Навіцкай USJK і яе камандай.

Малітоўная сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Падчас літургіі ён прамовіў слова да дзяцей. У малітве прынялі ўдзел таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, капелан Місіі Добрага Самараніна ксёндз Аляксандр Шамрыцкі MIC і сакратар Мітрапаліта ксёндз канонік Юрый Ясевіч.

Пасля Эўхарыстыі распачалася малітва на Ружанцы ў інтэнцыі міру, падчас якой дзеці разважалі балесныя таямніцы.

Некаторыя ўдзельнікі прынялі ўдзел у конкурсе «Зрабі ружанец сваімі рукамі». Пераможцы атрымалі памятныя падарункі.

Завяршыўся вечар супольным святкаваннем «Свята Ружанца».

Гэта быў вельмі добры час, напоўнены малітваю, усмешкамі і любоўю.