Skip to main content

Афіцыйны сайт Салезіянскага таварыства на Беларусі аднавіў працу

  • 20 мая, 2025
  • Тэкст: Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC / Скрыншот старонкі Sdb.by
  • Паводле Sdb.by

Пасля тэхнічнага абнаўлення для карыстальнікаў зноў даступны сайт sdb.by — галоўная інфармацыйная пляцоўка Салезіянскага таварыства на Беларусі.

Аднаўленне сайта мае асаблівае значэнне для рэалізацыі салезіянскай місіі, паколькі ён з’яўляецца ключавой лічбавай апорай у камунікацыі з грамадскасцю, падтрымцы моладзі і распаўсюджванні хрысціянскіх каштоўнасцяў. Інфармацыя пра салезіянскае таварыства, навіны, рэпартажы з мерапрыемстваў, малітоўнік і многае іншае — усё гэта цяпер даступна карыстальнікам у зручным фармаце. 

Праца сайту дапамагае захаваць сувязь з прыхільнікамі, валанцёрамі і ўсімі, хто цікавіцца сацыяльнай, адукацыйнай і духоўнай дзейнасцю салезіянаў. Праз яго асвятляюцца прапановы для дзяцей і падлеткаў, публікуюцца звесткі аб дабрачынных ініцыятывах, падзеі ў салезіянскім жыцці ў Беларусі і свеце. У сучасным свеце, дзе лічбавыя тэхналогіі сталі неад’емнай часткай жыцця, стабільны сайт — гэта магчымасць хутчэй рэагаваць на патрэбы моладзі, пашыраць маштабы дапамогі і заставацца адкрытымі для супрацоўніцтва. 

Аднаўленне sdb.by — яшчэ адзін крок у дарозе да мэт, закладзеных святым Янам Боско: быць з моладдзю, навучаць яе праз любоў і прыводзіць да святла Евангелля. Інфармацыйная пляцоўка не проста аднавілася — яна гатовая да новых выклікаў, каб працягваць служыць інструментам дабра і надзеі.