Адышоў у вечнасць айцец Гжэгаж Ксёнжэк SP, які доўгі час быў пробашчам у Чавусах на Магілёўшчыне
- 6 кастрычніка, 2024
- Catholicminsk.by
Супольнасць Ордэна Пабожных Школ (айцы піяры) ў Беларусі са смуткам паведамляе, што раніцай 6 кастрычніка на 56-м годзе зямнога жыцця, 35-м годзе манаскага жыцця і 28-м годзе святарства адышоў у вечнасць айцец Гжэгаж Ксёнжэк SP, які пасля прыняцця святарскага пасвячэння ў 1997 годзе доўгі час нёс служэнне ў нашай краіне.
У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі святар на працягу 12 гадоў, з 2007 па 2020 год, служыў вернікам парафіі Чавусы (Магілёўскі дэканат).
З 4 верасня аж да моманту смерці знаходзіўся ў стане медыкаментознай комы ва ўніверсітэцкім шпіталі ў Кракаве (Польшча), куды трапіў з запаленнем лёгкіх у запушчанай форме. Нягледзячы на намаганні медыкаў, з-за вельмі слабога імунітэту ўратаваць яго жыццё не ўдалося.
Пахавальная святая Імша будзе цэлебравацца 9 кастрычніка ў 12:00 у касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Кракаве (Польшча). Пахаванне адбудзецца пасля святой Імшы на Ракавіцкіх могілках у Кракаве.
Даверым спачылага святара Божай Міласэрнасці.
Вечны адпачынак дай яму, Пане.