Skip to main content

Адраджэнне аргана: як у Бабруйскім касцёле зноў загучала музыка

  • 5 мая, 2025
  • Тэкст і фота: Ульяна Ліпень // Catholicminsk.by

Музыка аргана вярнулася ў Бабруйскі касцёл дзякуючы Анне Капскай, якая з аднаразовага выступлення на Божае Нараджэнне стала пастаяннай арганісткай і кіраўніцай хору, адрадзіўшы музычную традыцыю святыні.

Год таму ў касцёле Бабруйска адбылася знамянальная падзея – пасля перапынку зноў загучаў арган. Гэта стала магчымым дзякуючы Анне Капскай, якая спачатку пагадзілася сыграць толькі на Божае Нараджэнне, але ўрэшце захапілася гэтай справай настолькі, што стала не толькі пастаянным арганістам, але і ўзначаліла касцёльны хор.

«Калі я ўпершыню села за інструмент, мяне вельмі ўразіла яго гучанне. Гэта быў цікавы і незвычайны вопыт», — падзялілася Анна ў інтэрв’ю. Музыка аргана ў адрозненне ад фартэпіяна гучыць надзвычай урачыста, што натхніла яе на далейшае развіццё ў гэтым кірунку.

«Праслаўляючы Бога праз музыку, я адчуваю сябе часткай Усеагульнага Касцёла»

«Праслаўляючы Бога праз музыку, я адчуваю сябе часткай Усеагульнага Касцёла», — прызнаецца арганістка. Нягледзячы на першапачатковыя сумневы і занятасць, Анна прыняла гэтую адказнасць. «Спачатку я не была гатовая да гэтага, бо ў мяне дзве працы, сям’я і хатнія абавязкі. Але ў працэсе працы з дзяўчатамі нашага хору я вельмі захапілася гэтай справай. Мы пасябравалі, а таксама я бачыла іх вялікае жаданне спяваць і развівацца», — расказала яна.

Цікава, што музычны вопыт у Анны ўжо быў — у 2000-х гадах яна ўдзельнічала ў касцёльнай музычнай групе «Magnificat», дзе іграла на сінтэзатары. Менавіта таму дзяўчаты з хору, ведаючы пра яе музычныя навыкі, запрасілі яе дапамагчы, калі ў касцёле не стала арганіста.

«Быць удзельнікам хору — гэта не проста прыйсці і паспяваць. Гэта таксама праца і рэгулярныя заняткі»

«Быць удзельнікам хору – гэта не проста прыйсці і паспяваць. Гэта таксама праца і рэгулярныя заняткі», — падкрэслівае музычны кіраўнік. Зараз у хоры спяваюць усяго два чалавекі – першы і другі голас, але Анна спадзяецца на папаўненне калектыву. «Не ўсе могуць вылучыць для гэтага час і сілы», — заўважае яна.

Рэпертуар для хору Анна падбірае самастойна, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі. «У вайберы ёсць чат для арганістаў Беларусі, і гэта вялікая дапамога для мяне. Там часта выкладваюць новыя песні і аранжыроўкі. Заўсёды стараюся нешта падабраць на тэматыку свята або касцёльнага перыяду», — расказвае арганістка.

На пытанне пра планы на будучыню Анна адказвае з энтузіязмам: «Плануем вывучаць больш складаныя творы, у тым ліку на лацінскай мове. Магчыма, у будучыні мы зможам спяваць у тры галасы, калі да нас яшчэ хто-небудзь далучыцца». Ідэя арганізацыі канцэрта арганнай музыкі таксама не выключаецца, хоць і патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі.

«Людзям, якія хочуць служыць Богу і ўмеюць спяваць або іграць, я магу параіць не баяцца і спрабаваць»

«Людзям, якія хочуць служыць Богу і ўмеюць спяваць або іграць, я магу параіць не баяцца і спрабаваць, усё атрымаецца. Скажу вам, па праўдзе, публіка ў касцёле зусім не сапсаваная», — жартуе Анна.

Яна прызнаецца, што служэнне ў касцёле напаўняе яе душу цеплынёй. «Цяпер мне сапраўды радасна ад таго, што Бог даверыў мне гэтае служэнне, хоць спачатку я супраціўлялася», — падсумоўвае Анна Капская. Гэтая гісторыя з’яўляецца яскравым прыкладам таго, як адданасць і любоў да музыкі могуць адрадзіць традыцыі і аб’яднаць людзей у імкненні да духоўнай гармоніі. Арган у бабруйскім касцёле зноў гучыць, напаўняючы святыню ўрачыстымі гукамі і далучаючы вернікаў да спрадвечных музычных традыцый Касцёла.