Skip to main content

Адбылося благаслаўленне помніка на магіле айца Станіслава Міхальскага SI, святара і мучаніка за веру

13 ліпеня
  • 15 ліпеня, 2024
  • Тэкст і фота: Лаліта Арлоўская // Jezuity.by

13 ліпеня ў Вішневе (Валожынскі дэканат) адбылося благаслаўленне новага помніка айцу Станіславу Міхальскаму SI, які служыў у Вішневе з 1944 па 1950 год, калі быў замучаны камсамольцамі напярэдадні свята Божага Нараджэння. Айцец Станіслаў належаў да Таварыства Езуса і выказаў жаданне служыць на тэрыторыі, дзе ў той час не хапала святароў, у рамках так званай “усходняй місіі” Віленскай архідыяцэзіі, неўзабаве пасля свайго святарскага пасвячэння.

На асвячэнне помніка былі запрошаныя сабраты айца Станіслава – айцец Віктар Жук SI, пробашч парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску, і айцец Рышард Матэюк SI з Польшчы. На цырымоніі таксама прысутнічалі святары: ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB, які быў арганізатарам вывучэння жыцця айца Станіслава Міхальскага, рэгіянальны настаяцель місіі салезіянаў у Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, а таксама кс. Юзаф Мельдзюк, пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе, і ксёндз Вадзім Сурвіла, пробашч парафіі Войстам (Гродзенская дыяцэзія).

На пачатку святой Імшы сваім сведчаннем падзяліўся ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB:

“Дзякуючы айцу Станіславу нарадзілася маё святарскае пакліканне. Памятаю з дзяцінства, як бабуля прыводзіла мяне на яго магілу, і мы разам з ёй маліліся аб новых пакліканнях. Таксама яна распавядала аб тым, якім чалавекам быў айцец Міхальскі, таму ён стаў для мяне прыкладам добрага святара. Бабуля расказала, як айцец Станіслаў, каб дапамагчы маёй прабабулі з дзецьмі, якая засталася ўдавой, калі яе мужа забілі камуністы, падлажыў пад абрус падчас адведзінаў усе грошы, якія сабраў на рамонт касцёла. Дзякуючы гэтаму мая сям’я выжыла”.

Казанне прамовіў айцец Віктар Жук SI. У ім асаблівую ўвагу ён скіраваў на вернасць айца Станіслава свайму пакліканню.

“Ён мог, як мноства іншых людзей, вярнуцца туды, дзе было значна бяспечней, але выбраў застацца ў Вішневе, бо людзям быў патрэбны святар. Ён жадаў наследаваць Боскага Настаўніка да канца, ведаючы, што сустрэнецца з пераследам; быць добрым пастырам, які аддае жыццё за авечак. Ён выбраў быць слабым, не стаў бараніцца ад насілля, але праявіў сілу ў вернасці свайму пакліканню як езуіт і святар, каб Евангелле магло дасягнуць кожнага чалавека, дзеля большай хвалы Божай,” – адзначыў айцец Віктар.

Напрыканцы святой Імшы ксёндз Артур зноў звярнуўся да вернікаў, просячы не забываць добрую традыцыю, якая склалася ў Вішневе, “каб магіла айца Станіслава заўсёды была месцам малітвы аб святых пакліканнях”. Ён падзякаваў прысутным святарам і ўсім тым, хто дапамагаў на працягу апошніх некалькіх гадоў збіраць звесткі пра жыццё і мучаніцтва айца Міхальскага, асабліва выказваючы падзяку спадарыні Тэрэзе Бітэль, гісторыку.

Пасля святой Імшы адбылося асвячэнне помніка айца Станіслава, якое здзейсніў ягоны сабрат, езуіт айцец Віктар Жук. Сабраныя памаліліся на магіле айца Станіслава аб новых пакліканнях, працягваючы шматгадовую добрую традыцыю.

Станіслаў Міхальскі SJ (01.05.1912 – 25.12.1950) нарадзіўся ў вёсцы Мэлнін (Познаньскае ваяводства, Польшча) ў сям’і Юзафа і Юзэфы Міхальскіх. Уступіў у Таварыства Езуса ў 1928 годзе. З 1930 года вучыўся ў калегіуме ў Пінску. 12.05.1935 года атрымаў атэстат.

З верасня 1935 па канец мая 1938 года вучыўся ў Духоўнай семінарыі ў Кракаве на філасофскім факультэце, затым 6 гадоў ён правёў у сценах Віленскай духоўнай семінарыі, вывучаючы тэалогію. 24 сакавіка 1942 года разам з іншымі духоўнымі асобамі ён быў арыштаваны немцамі і заставаўся ў турме на віленскіх Лукішках да 30 кастрычніка 1942 года, калі без суда разам з іншымі быў вывезены немцамі на зямельныя работы ў канцэнтрацыйны лагер пад Коўна. Калі армія СССР набліжалася да горада, у ліпені 1944 года, святар выйшаў з лагера і пасля пераходу фронта 05.08.1944 вярнуўся ў Вільню, дзе прыняў святарскае пасвячэнне 3 кастрычніка 1944 года з рук віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. Да 15 красавіка 1945 года быў вікарыем у Вішневе, а з 1945 года – пробашчам, спачатку толькі ў Вішневе, а пазней таксама ў Багданаве. Загінуў 25.12.1950 года, пахаваны пры касцёле ў Вішневе.

Можна таксама пазнаёміцца з матэрыяламі, прысвечанымі айцу Станіславу Міхальскаму SJ: