Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі віншуе з 50-годдзем ксяндза каноніка Аляксея Раманчука
- 4 верасня, 2025
- Catholicminsk.by
Глыбокапаважаны ксёндз Аляксей!
Дазвольце ў сённяшні дзень звярнуцца да Вас словам «Юбіляр», бо сёння Вы дзякуеце Богу і бацькам за 50-годдзе дару жыцця.
З Божага Провіду і любові Вашых бацькоў Вы нарадзіліся 4 верасня ў 1975 годзе ў вёсцы Удзела Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, у парафіі Беззаганннага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Тут адбыліся самыя яскравыя моманты Вашага жыцця: дзіцячыя прыгоды, сталенне, вучоба.
Вашае сталенне як верніка адбывалася менавіта там, пры добра вядомым святару — ксяндзу прэлаце Юзафе Бульку. Менавіта пры ім Вы пачулі заклік Пана: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19).
Шаноўны ксёндз Аляксей, віншуем Вас з 50-гадовым юбілеем. Жадаем Вам Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай Будслаўскай.
«Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам» (пар. Ліч 6, 22–27) на многія і святыя гады. Plurimos annos!
Ад імя біскупаў, духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі