Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі віншуе жанчын з Міжнародным жаночым днём

8 сакавіка
  • 7 сакавіка, 2025
  • Тэкст: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, фота ілюстрацыйнае // Catholicminsk.by

Дарагія нашы жанчыны!

Віншую вас са святам вясны і прыгажосці!

Падкрэсліваючы ролю жанчын у свеце, Папа Францішак, зазначыў, што «жанчыны нясуць ласку аднаўлення, а спакой нараджаецца ад жанчын, ён узнікае і распаўсюджваецца праз пяшчоту маці». Сапраўды, менавіта жанчыны па сваёй натуры, імкнуцца да таго, каб наш свет быў прыгожым і цудоўным, імкнуцца да гармоніі, святла і цяпла. Менавіта толькі жанчын Пан Бог адарыў цудоўным дарам – дарам мацярынства. І менавіта самай важнай і беззаганнай Жанчыне, Найсвяцейшай Панне Марыі, Богам была даручана справа збаўлення чалавецтва.

Віншуючы са святам вясны, калі абуджаецца прырода, хочацца падзякаваць усім жанчынам, асабліва старэйшага ўзросту, за захаванне і перадачу веры, за вашу мужнасць, руплівасць і вернасць Хрысту і Марыі. Мы ўдзячныя ўсім вам, дарагія жанчыны, за тое, што з верай, любоўю і адданасцю прыкладваеце свае намаганні дзеля развіцця касцельнага і грамадскага жыцця, дзеля таго, каб умацоўваліся нашыя сем’і і квітнела наша краіна.

«Маральная сіла жанчыны, яе духоўная моц звязана з усведамленнем таго, што Бог асаблівым чынам давярае ёй чалавека», – напісаў Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце да жанчын «Mulieris dignitatem» («Годнасць жанчыны»). Ён падкрэсліў, што «наш час чакае адкрыцця “геніяльнасці” жанчыны, якая ў кожнай сітуацыі забяспечыць чуласць да чалавека, бо для яе самае важнае гэта любоў».

У гэты дзень мы з асаблівай удзячнасцю памятаем пра нашых матуль, іх чуласць і любоў. Дарагія нашы матулі і бабулі, няхай вашы дзеці і ўнукі радуюць вас, атульваюць любоўю, клопатам і ўвагай, каб вы ніколі не адчувалі сябе самотнымі і пакінутымі.

Дарагія жанчыны! Няхай ваша ззянне азарае і сагравае ўсіх, хто вас акружае. Няхай вашы дні будуць поўныя радасці і спакою, а ў сэрцы загосціць духоўная гармонія і нястомная энергія чуласці і дабрыні.

Даручаю ўсіх вас апецы нашай Нябеснай Матулі Марыі – Той, якая з’яўляецца найлепшым прыкладам для кожнай з вас.

З малітвай і благаслаўленнем
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 8 сакавіка 2025 года