Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі ўвёў у склад Мінскага катэдральнага капітула новых канонікаў

29 верасня
  • 30 верасня, 2025
  • Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі // Catholicminsk.by

У панядзелак 29 верасня, калі адзначаецца свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся абрад ўводзінаў двух новых канонікаў у склад Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай.

Урачыстую цэлебрацыю з гэтай нагоды ў прысутнасці членаў Капітулу і поўнага складу грэміяльных канонікаў ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ва ўрачыстасці таксама прынялі ўдзел Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Арцыпастыр афіцыйна ўвёў у склад Капітула двух святароў, якіх раней прызначыў ганаровымі канонікамі: старшыню Асацыяцыі касцёльнага права на Беларусі ксяндза доктара Віктара Гайдукевіча SDB і ксяндза магістра Андрэя Сіповіча, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску.

Вітаючы напачатку прысутных, арцыбіскуп Станеўскі падкрэсліў, што асабістыя заслугі новапрызначаных канонікаў перад Касцёлам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сведчаць пра тое, што яны заслужана стануць годнымі членамі Мінскага катэдральнага капітула.

Падчас уводзін у склад Капітулу новыя канонікі ў прысутнасці біскупаў, членаў капітула і ўсіх прысутных вызналі веру і прынеслі прысягу вернасці Касцёлу, а таксама падпісалі адпаведныя дакументы.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, адзін з новапрызначаных канонікаў.

Cвятар разважаў над тым, які вялікі ўплыў анёлы маюць на нашае жыццё, але з жалем заўважыў, што сёння існаванне анёлаў многімі ўспрымаецца як абсурд. Для многіх анёлы — гэта нейкі ўспамін з дзяцінства: бацькі вучаць дзяцей маліцца да анёлаў, а ў больш сталым узросце часта забываюцца звяртацца да іх.

Анёлы пакліканы не толькі абараняць чалавека, але весці яго, асвятляць яго шлях, пераказваць яму Божую волю і адкрываць глыбіню Божай прысутнасці ў яго жыцці.

«Праз анёлаў Бог клапоціцца пра нас у кожнай хвіліне нашага жыцця»,

— падкрэсліў прамоўца.

Свята Арханёла Міхала, паводле ксяндза Віктара, — гэта жывы напамін пра тое, што чалавечае жыццё праходзіць не толькі ў межах бачнай зямной рэчаіснасці, але і ў прасторы нябачнай духоўнай барацьбы. Бог ніколі не пакідае чалавека сам-насам перад абліччам зла, але пасылае свайго анёла, каб абараняць і весці тых, хто застаецца верным Яго слову.

«Для нас, вернікаў Беларусі, постаць святога Арханёла Міхала мае асаблівае значэнне, —заўважыў святар. — Ён — наш нябесны заступнік у хвіліны няўпэўненасці; верны правадыр, калі мы трацім арыенцір у жыцці. У яго абліччы адкрываецца не толькі вобраз абаронцы Божага народу, але і жывое сведчанне таго, што Бог заўсёды прысутнічае ў гісторыі свайго народа. У постаці святога Арханёла Міхала адкрываецца таямніца, што ён не проста абаронца, але знак таго, што нябёсы заўсёды схіляюцца да зямлі. Там, дзе чалавек сутыкаецца са слабасцю, Бог спасылае сваю моц; там, дзе з’яўляецца спакуса, Бог дае дар свайго Сына; там, дзе пануе цемра, Бог запальвае святло».

«Святы Арханёл Міхал паказвае, што чалавечая гісторыя — гэта не замкнёны шлях, а дарога якая вядзе чалавека да перамогі ў Пану Богу. Таму яго імя Міхал — “Хто ж як Бог” — становіцца не воклічам з мінулага, а заклікам, які гучыць сёння і будзе таксама гучаць заўтра, каб умацоўваць нас у надзеі»,

— падкрэсліў новапрызначаны канонік.

Напрыканцы Імшы да арцыпастыра са словамі падзякі за аказаны давер і запэўненнем у верным выкананні Статута капітула звярнуўся ксёндз канонік Андрэй Сіповіч. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў новых канонікаў і заклікаў прысутных аб малітве за сем’і, святароў, манаскіх асоб і аб новых пакліканнях да служэння на ніве Пана.