Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі заахвочвае духавенства і вернікаў Касцёла ў Беларусі да малітвы за Сінод Біскупаў

  • 3 кастрычніка, 2024
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Учора ў Рыме распачалася праца другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў.

Сінод на тэму сінадальнасці распачаўся ў кастрычніку 2021 года і праходзіць на тэму: «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія». Другая сесія XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая распачалася ўчора ў Рыме, працягнецца да 27 кастрычніка.

Браты і сёстры, Папа Францішак хоча, каб мы глядзелі на Касцёл больш сінадальна, гэта значыць разам. Каб мы маглі яшчэ больш навучыцца слухаць адно аднаго, дзяліцца сваім досведам веры і ўсім, што ляжыць глыбока ў нашых сэрцах.

Пантыфік падчас святой Імшы на распачацце заключнай сесіі Сіноду таксама папрасіў аб малітве за Сінод і аб духоўнай падтрымцы яго ўдзельнікаў словамі: «Я моцна заахвочваю ўсіх маліцца ў гэты час, каб Сінод прынёс як мага больш добрых плёнаў, адкрыў нас на ўзаемнае слуханне, на дзяленне нашай верай. Няхай гэта будзе час малітвы і духоўнай падтрымкі».

Мае дарагія, заахвочваю вас да малітвы за Сінод і ўдзельнікаў Сіноду. Касцёл у Беларусі на Сінодзе прадстаўляе біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Заахвочваю, каб у малітве вернікаў на кожнай святой Імшы ў гэтыя дні быў заклік за Папу Францішка і ўдзельнікаў Сіноду, каб Сінод прынёс як мага больш добрых плёнаў, адкрыў нас да таго, каб слухаць адзін аднаго, дзяліцца верай адзін з адным.

З дарам малітвы,

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі