Арцыбіскуп Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі наведвальнікам Місіі Добрага Самараніна
- 26 мая, 2025
- Catholicminsk.by

У нядзелю 25 мая ў капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску, які дзейнічае пры Місіі Добрага Самараніна, падчас святой Імшы арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў падрыхтаваным да гэтага кандыдатам сакрамэнт канфірмацыі.
У гаміліі дастойны іерарх аднёсся да падзеі Спаслання Духа Святога на апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы ў вобразе шуму ветра і вогенных языкоў. Ён падкрэсліў, што, па-першае, Спасланне Духа Святога не адбылося толькі адзін раз і, па-другое, Яго атрымалі не толькі апосталы.
«Упершыню мы атрымліваем Духа Святога ў сакрамэнце хросту. У сакрамэнце канфірмацыі Ён нас умацоўвае і чыніць жаўнерамі Хрыста, якія абараняюць веру, жывуць ёй і распаўсюджваюць яе па ўсім свеце. Дзякуючы канфірмацыі мы перажываем сваю Пяцідзесятніцу і атрымліваем сем дароў Духа Святога, які дапамагае нам у нашым жыцці»,
— адзначыў арцыпастыр.

Арцыбіскуп Кандрусевіч параўнаў Духа Святога з нябачнай нервовай сістэмы чалавека, якая выконвае яго намеры і планы. Менавіта Ён адорвае чалавека і свет новым боскім жыццём.
Для лепшага зразумення дзеяння Духа Святога арцыпастыр запрапанаваў прысутным звярнуцца да айцішніх тэхналогій. Так, у сучасных аўтобусах, цягніках, рэстаранах, кафэ і т. п. усталяваны бясплатны Wi-Fi, што дае людзям магчымасць патэлефанаваць да кагосьці, паслаць электронны ліст ці паведамленне ў мэсэнджэры, паглядзець фільм, хакейны ці футбольны матч і г. д. «Пераносячы гэты прыклад у духоўную сферу, можна сказаць, што нябачны Дух Святы — гэта наш бясплатны Wi-Fi, які яднае нас з Хрыстом і паміж сабой», — сцвердзіў іерарх.

Чарговым вобразам для растлумачэння сутнасці сакрамэнту канфірмацыі была Вежа Бабэль. Па словах арцыпастыра, яна падзяліла людзей аднаго народа на розныя. У выніку гэтага людзі перасталі разумець адзін аднаго. Пяцідзесятніца, наадварот, аб’яднала іх у адзін Божы народ, які жыве адной верай.
«Мы можам спампаваць на айпад або на айфон розныя карысныя праграмы ці прыкладанні. У сакрамэнце кафірмацыі мы атрымліваем цудоўнае духоўнае прыкладанне: сам Дух Святы з яго сям’ю дарамі “запампоўваецца” ў чалавека. Дзякуючы гэтаму ён можа жыць жыццём, падобным да Хрыстовага, і сведчыць пра Яго іншым», — сказаў іерарх.
«Дух Святы, якога мы атрымліваем, з’яўляецца дарам і заданнем, каб мы духоўна дасканаліліся, — працягваў арцыпастыр. — Новыя часы патрабуюць новага чалавека, выхаванага на нязменных хрысціянскіх каштоўнасцях. Дух Святы таксама дапамагае ў выбары жыццёвых шляхоў і іх ажыццяўленні.
Таму не трэба баяцца прыняць яго! Неабходна ўключыць свае духоўныя айфоны і падключыцца да крыніцы Божай ласкі!»
— узнёсла прамовіў іерарх.

«Моладзі належыць будучыня. Яна будзе такой, якой будзе моладзь. Наша краіна патрабуе не толькі выдатных спецыялістаў, але таксама высокамаральных і духоўна багатых людзей», — такую выснову напрыканцы гаміліі зрабіў арцыпастыр.
Арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў канфірмантам, каб яны, умацаваныя сям’ю дарамі Духа Святога, адважна абвяшчалі і баранілі Хрыстовую праўду, якая з’яўляецца гарантыяй шчаслівага жыцця на зямлі і дасягнення радасці вечнага шчасця ў небе.



