Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч ва ўрачыстасць Звеставання Пана ў Дзераўной: Бог у сваім сучасным звеставанні чакае нашага адказу

25 сакавіка
  • 26 сакавіка, 2026
  • Фота: з архіва парафіі Дзераўная // Catholicminsk.by

25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч па запрашэнні пробашча ксяндза Міхала Бубена, прыбыў ў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзераўной (Стаўбцоўскі дэканат) і ўзначаліў адпустовую святую Імшу ў парафіяльным касцёле.

У гаміліі арцыпастыр звярнуўся да Евангелля ― сцэны Звеставання ў Назарэце. Ён заўважыў, што Марыя, хоць і была збянтэжана прапановай Бога стаць Маці Збаўцы, тым не менш, пасля тлумачэння арханёла Габрыэля, што Яна зачне ад Духа Святога, пагадзілася. «Проста падумаем: што адбылося падчас Звеставання? — спытаў прысутных прамоўца. ― Усемагутны Бог пытаецца сваё стварэнне — чалавека — ці хоча ён быць збаўленым? Бог нікога не змушае. Ён шануе свабоду чалавека і яго выбар. Таму і справу збаўлення чалавека Ён ставіць у залежнасць ад яго згоды».

Арцыбіскуп падкрэсліў, што згода Марыі з Божай воляй — гэта ключ да разумення таямніцы Богаўцелаўлення. Дзякуючы яму на свет прыйшоў Бог з чалавечым сэрцам і тварам.

«Таксама і мы, калі згаджаемся з Божай воляй, дазваляем Богу сваёй ласкай жыць у нас, ― сцвердзіў іерарх. ― Мы становімся “хрыстафорамі” ― носьбітамі Хрыста. Таму згода з Божай воляй — гэта ключ да шчасця чалавека, які адкрывае шлях да вырашэння нашых асабістых і грамадскіх праблем». Недастатковымі, паводле яго, з’яўляюцца нават самыя найлепшыя намеры і намаганні без супрацоўніцтва з Богам, бо, як кажа выслоўе: «Добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла».

Сучасны свет, на думку галоўнага цэлебранта, знаходзіцца ў грахоўным тунэлі. «Калі мы выйдзем з яго? Калі знойдзем проціяддзе секулярнай грахоўнай культуры сучаснасці, якая становіцца прычынай розных крызісаў?» — спытаў прамоўца. «Усё залежыць ад нас саміх, канкрэтна ад нашага навяртання», — прагучаў з яго вуснаў адказ.

Іерарх упэўнены, што аб гэтым кожны католік павінен памятаць асабліва падчас Вялікага посту, беручы прыклад з марнатраўнага сына, які зразумеў сваё зло і сказаў: «Устану і пайду да майго айца. Скажу яму, што зграшыў супраць яго і Бога» (пар. Лк 15, 18).

«Як вядома, айцец з радасцю прыняў яго ў свой дом. Таксама і мы павінны сказаць: “Устану і пайду”, а міласэрны нябесны Айцец нам прабачыць»,

— рэзюмаваў ён.

Арцыпастыр звярнуў увагу, што арханёл Габрыэль назваў Марыю благаслаўлёнай, і нагадаў, што кожны веруючы павінен быць такім жа, бо Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. «У сакрамэнце хросту мы сталі выбранымі дзяцьмі Божымі. Але ці з’яўляемся такімі? На жаль, мы кожны дзень спазнаём на сабе словы святога апостала Паўла: “Ведаю, што такое дабро, але ў той час сам чыню зло”, — навучаў ён. ― Сучасны свет маральна хворы, але ён не спяшаецца ў “духоўную паліклініку”, якой ёсць Касцёл; не спяшаецца да духоўнага лекара, якім ёсць Хрыстус».

«Што самае галоўнае для сучаснага чалавека? Духоўныя справы? ― наўпрост паставіў пытанне прамоўца. — Не. Яго больш цікавяць матэрыяльныя і свецкія справы: клопат пра дастатак і немаральныя задавальненні».

Дастойны іерарх растлумачыў, што замест будаваць сваё жыццё на нязменных евангельскіх каштоўнасцях, сённяшні чалавек імкнецца іх змяняць або ігнараваць. Нормай жыцця, паводле яго заўвагі, становіцца легітымізацыя грэшных практык і адкідванне Божага закону.

«Чалавек ставіць сябе на месца Бога, зрынае Яго з п’едэсталу чалавечай гісторыі. Адначасова ён забывае, што Божы закон нам дадзены не для таго, каб яго змяняць, але каб ён нас змяняў»,

— папярэдзіў ён.

У сучасным свеце часта ўсё адбываецца наадварот і гэта, згодна з перакананнем арцыпастыра, з’яўляецца прычынай шматлікіх крызісаў: сям’і, Божага дару жыцця і маральнасці; імкнення да ўзбагачэння любым коштам, карупцыі, несправядлівасці, гвалту, адсутнасці духа ўзаемнай любові і прабачэння і г. д.

«Як хрысціяне мы пакліканы думаць і жыць па-Божаму, а не амаральнымі крытэрыямі гэтага свету, дзе чалавечы розум вылічвае, што больш выгадна, а што не, — працягваў ён. ― Мы павінны быць сапраўднымі, а не штучнымі, хрысціянамі. Для гэтага неабходна жыць праўдай заўсёды актуальнага і дзейснага Божага слова.

Бог і сёння прамаўляе да нас, ставіць перад намі заданні і чакае нашага адказу. Гэта Яго звеставанне нам, людзям ХХІ стагоддзя».

Гамілію іерарх завяршыў заклікам-просьбай да Маці Божай: «Марыя, у час вельмі трывожных і небяспечных маральных выклікаў, выпрасі нам у свайго Сына Езуса Хрыста ласку заўсёды згаджацца з Божай воляй, у час спрыяльны і неспрыяльны казаць “так” Богу, а не злому духу, каб праз выкананне Яго волі будаваць шчаслівае жыццё на зямлі і прыйсці ў радасць вечнага шчасця ў небе».