Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч у свята Святой Сям’і ў Барысаве: Лекам на сужанскія крызісы з’яўляюцца тры словы — «дзякуй, перапрашаю і калі ласка»

28 снежня
  • 29 снежня, 2025
  • Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

28 снежня, у нядзелю Святой Сям’і, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч прыбыў у парафію Спаслання Святога Духа ў Барысаве па запрашэнні яе пробашча, ксяндза прэлата Уладзіслава Завальнюка.

На пачатку Эўхарыстыі ксёндз Завальнюк прывітаў арцыпастыра, які яе ўзначаліў, а таксама ўсіх прысутных.

У гаміліі галоўны цэлебрант звярнуў увагу на тое, што ў першую нядзелю пасля Божага Нараджэння Касцёл адзначае ўрачыстасць Святой Сям’і. Гэтым самым ён падкрэслівае, што Збаўца нарадзіўся ў сям’і, як і кожны іншы чалавек.

«Новае жыццё павінна нараджацца не ў прабірцы з выкарыстаннем дасягненняў геннай інжынерыі, а ў сям’і, так, як гэта ўстанавіў Творца»,

— заявіў іерарх.

Ён нагадаў вучэнне Касцёла аб тым, што сям’я з’яўляецца галоўнай клеткай і падмуркам грамадства. «Вядома, што будоўля трывалая, калі ў ёй моцны падмурак. Тое самае правіла дзейнічае і ў грамадстве. Таму нашым абавязкам ёсць клапаціцца пра стан сям’і», — звярнуў увагу арцыбіскуп.

Святы Ян Павел II вучыць, што будучыня чалавецтва праходзіць праз сям’ю. Паводле прамоўцы, любоў, якая ляжыць у аснове сямейнага жыцця і знаходзіцца ў сэрцы кожнага члена сям’і, можа змяніць аблічча зямлі і стварыць лепшую будучыню.

«На вялікі жаль, сучасная сям’я перажывае небачны дагэтуль крызіс. Сем’і распадаюцца. Замест Богам устаноўленай мадэлі сям’і як непарушнана саюза мужчыны і жанчыны прапагандуюцца аднаполыя саюзы.

Дэмаграфічны крызіс, прычынай якога з’яўляецца нежаданне мець дзяцей і забойства ненароджанага жыцця ва ўлонні маці, з’яўляецца найбольш сур’ёзнай катастрофай. Бацькі не звяртаюць належнай увагі на хрысціянскае выхаванне сваіх дзяцей»,

— папярэдзіў іерарх.

Ён падкрэсліў, што існуе лек ад крызіса сям’і і што яго прапануе Папа Францішак: «Сужэнцы павінны ўмець сказаць адно аднаму тры словы: дзякую, перапрашаю і калі ласка. Гэта азначае, што сужэнцы павінны дзякаваць адно аднаму, перапрашаць адно аднаго і быць гатовымі далей служыць адно аднаму».

Арцыпастыр таксама нагадаў, што ў свята Святой Сям’і ў мясцовых касцёлах завяршаецца юбілейны Год надзеі. Падчас святкавання юбілею сем’яў Папа Леў XIV сказаў, што сучасны свет мае патрэбу ў вернасці шлюбным абяцанням, каб пазнаць і прыняць Божую любоў і дзякуючы ёй пераадолець праблемы сям’і і не дазволіць ёй распасца.

«Афрыканскае выслоўе кажа, што калі хочаш ісці хутка, ідзі адзін, але калі хочаш ісці далёка – ідзі ў супольнасці, — сказаў іерарх. —

Наша жыццёвая пілігрымка распачынаецца ў сям’і, як супольнасці сужэнцаў і дзяцей. Таму сям’я павінна быць месцам узаемнай і ахвярнай любові, якая перамагае ўсе складанасці, месцам нараджэння новага жыцця, першай школай евангелізацыі і хатнім Касцёлам, дзе маладое пакаленне атрымлівае чалавечую і духоўную фармацыю».

Гамілію арцыпастыр завяршыў наступным пажаданнем: «Праз некалькі дзён распачнём Новы 2026 год і з ім мы і нашыя сем’і — новую жыццёвую пілігрымку. Няхай яна з Божай дапамогай стане шчаслівай для ўсіх нас і нашых сем’яў, каб у іх панавала ўзаемная ахвярная любоў, дух прабачэння і ўзаемнай павагі, адкрытасць на новае жыццё і яго хрысціянскае выхаванне, каб дзякуючы гэтаму змяняўся воблік зямлі».

Пасля гаміліі адбылася цэлебрацыя сакрамэнту сужэнства. У прысутнасці дастойнага іерарха жаніх і нявеста абяцалі Богу жыць у сужанскім саюзе аж да смерці.

Пасля Імшы арцыпастыр асвяціў часовы абраз — фотакопію выявы Беззаганнага Зачацця Маці Божай з мінскага архікатэдральнага касцёла. Плануецца, што на гэтым месцы будзе ўстаноўлена фігура Маці Божай, якая калісьці размяшчалася на касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зембіне, а цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі.