Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч у Івянцы: Пастыр павінен быць са сваімі авечкамі спераду, пасярэдзіне і ззаду статка

11 мая
  • 12 мая, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: з архіва парафіі св. Аляксея ў Івянцы // Catholicminsk.by

11 мая арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію святога Аляксея ў Івянцы. Нагодай для візіту іерарха стаў надыходзячы літургічны ўспамін святога Андрэя Баболі, які будзе адзначацца 16 мая. Рэліквіі і абраз святога знаходзяцца ў івянецкім касцёле.

Вернікі спаткалі ганаровага госця перад касцёлам з традыцыйным хлебам-соллю, а пробашч парафіі айцец Лех Баханэк OFMConv, прывітаўшы іерарха, запрасіў прысутных да супольнай малітвы праз застуаніцтва святога Андрэя Баболі.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр найперш засяродзіўся на літургічных тэкстах 4-й Велікоднай нядзелі, якая ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца як нядзеля Добрага Пастыра, а таксама нядзеля малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

«Езус называе сябе Добрым Пастырам. Слова “пастыр” паходзіць ад слова “пастух”, гэта значыць чалавек, які пасе авечак або іншых хатніх жывёл. Ён вядзе іх на пашы, сцяражэ, каб яны не заблукалі, і абараняе іх ад драпежнікаў», — сцвердзіў іерарх.

Паводле слоў арцыпастыра, святар павінен атаясамліваць сябе з пастырам у выкананні сваіх абавязкаў.

«Спачылы нядаўна Папа Францішак навучаў, што святар як пастыр павінен быць са сваімі авечкамі наперадзе, пасярэдзіне і ззаду статка. Наперадзе, каб кіраваць даверанай яму супольнасцю вернікаў. Пасярэдзіне, каб ведаць стан людзей. Ззаду, каб дапамагаць заблукалым і адстаючым. Такім чынам, ён павінен спадарожнічаць Божаму народу, будучы перад ім, знаходзячыся сярод яго і ідучы за ім. Толькі так ён зможа рэалізаваць сваё пакліканне згодна з Божай воляй»,

— нагадаў прысутным словы спачылага Пантыфіка іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч, які сам перажыў часы пераследу веры, перакананы, што сёння Касцёл павінен дзякаваць Богу за святароў і кансэкраваных асобаў, якія служылі Божаму народу, асабліва ў часы ганенняў, і служаць цяпер.

Арцыпастыр падзякаваў Богу за дар святога Андрэя Баболі, які ў далёкім XVІІ стагоддзі служыў на Піншчыне і ў колішнім Янаве-Палескім (сённяшнім горадзе Іванава) прыняў мучаніцкую смерць.

Ганаровы іерарх нагадаў сабраным у святыні біяграфію святога Андрэя Баболі. Святы жыў у XVI-XVII стагоддзях. Атрымаў добрую законную езуіцкую і святарскую фармацыю. Быў здольным святаром, добрым прапаведнікам, хутка ўсталёўваў добрыя адносіны з людзьмі. Дзякуючы настойлівай працы над сабой, ён дасягнуў такой ступені хрысціянскай і манаскай дасканаласці, што людзі яшчэ пры жыцці называлі яго святым. Баболя запісаўся ў у гісторыю Касцёла як місіянер, апостал адзінства хрысціян і мучанік. Між іншым, ён нёс служэнне ў недалёкім ад Івянца Нясвіжы, выконваў таксама функцыі суперыёра езуіцкага кляштара ў Бабруйску.

Святы Андрэй Баболя адзначыўся місіянерскай працай на Палессі, за што яго празвалі «душахватам». Ён з’яўляецца галоўным апекуном Пінскай дыяцэзіі, якая ў гэтым годзе адзначае юбілей 100-годдзя свайго заснавання.

«Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном у цяжкія часы, якія мы таксама цяпер перажываем: ігнаруецца і адрынаецца вера, валадарыць ілюзія больш простага і лёгкага “свету без Бога”. Людзі спакушаюцца мімалётным шчасцем праз пошук зямных багаццяў, выгод і задавальненняў. Але свет без Бога — гэта свет без базавых духоўных і чалавечых каштоўнасцей, што пагражае яго існаванню»,

— папярэдзіў арцыпастыр.

Іерарх адзначыў, што новаабраны 8 мая бягучага года Папа Леў XIV у сваіх першых прамовах заклікаў слухачоў да вернасці Хрысту як адзінаму Збаўцы свету, да будавання адзінства ў Касцёла і свеце і да правядзення місіянерскай дзейнасці, бо яшчэ так шмат людзей не ведае Евангелля.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў словамі малітвы:

«Святы Андрэй Баболя, ты — прыклад руплівасці веры, мужнасці і бескампраміснасці. Выпрасі ў Бога ласку, каб мы жылі згодна з евангельскім прынцыпам: “так, так — не, не”, бо той, хто вытрывае да канца ў сваёй веры, будзе збаўлены».

Перад ахвяраваннем дароў адбылася працэсія з дарамі, у якой каталіцкія скаўты прынеслі да алтара, апроч хлеба і віна, элементы сваёй вопраткі як сімвал аддання свайго жыцця Хрысту.

Пасля святой Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла і ўшанаванне рэліквій святога Андрэя Баболі.

Вернікі шчырымі словамі падзякавалі ганароваму госцю за адведзіны парафіі, малітву і прамоўленае слова.