Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч падчас урачыстасці у Пскове: «Касцёл — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам»

14 верасня
  • 15 верасня, 2025
  • Фота: з архіва парафіі ў Пскове // Catholicminsk.by

У нядзелю 14 верасня, калі сёлета прыпала свята Узнясення Святога Крыжа, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў старажытны горад Пскоў (Расія) на рацэ Вялікая, а ў ім — парафію Святой Тройцы, якая некалі ўваходзіла ў яго юрысдыкцыю падчас служэння іерарха ў Расіі.

Для дастаткова працяглай па часе паездкі арцыпастыра склаліся разам ажно тры нагоды:

  • срэбраны юбілей святарства пробашча парафіі ў Пскове ксяндза Сяргея Альхімёнка,
  • 25-годдзе асвячэння зямлі пад пабудову касцёла,
  • 20-годдзе благаслаўлення дольнага касцёла.

Падчас гаміліі іерарх засяродзіўся на таямніцы Крыжа як знаку нашага збаўлення, веры і надзеі. Ён асаблівым чынам падкрэсліў, што сапраўднае значэнне Крыжа не тое, якое магло б здавацца на першы погляд:

«Крыж — гэта не сімвал цярпення, але знак бязмежнай любові Бога да чалавека».

Пераходзячы да асобы пробашча пскоўскай парафіі, арцыпастыр зазначыў, што «шлях хрысціяніна і святара — гэта шлях Крыжа». Далей ён наблізіў прысутным біяграфію святара. Ксёндз Сяргей Альхімёнак нарадзіўся ў Беларусі ў горадзе Глыбокае (сёння гэта Віцебская дыяцэзія), атрымаў вайсковую адукацыю і стаў афіцэрам. Аднак Божы Провід прадбачыў яму лёс «духоўнага афіцэра». Адчуўшы пакліканне да святарства, малады чалавек распачаў фармацыю ў Гродзенскай духоўнай семінарыі. Затым ён працягнуў яе ў семінарыі ў Санкт-Пецярбургу. У 2000 юбілейным годзе хрысціянства ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў яму сакрамэнт пасвячэння. Святар выконваў функцыю канцлера маскоўскай курыі, быў вікарыем катэдральнага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве, затым пробашчам парафіі Божай Маці Люрдскай у Санкт-Пецярбургу. У жыцці ксяндза Альхімёнка былі і іншыя функцыі ў Касцёле. Цяпер святар служыць пробашчам у Пскове.

Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што святкаванне юбілею святарства — гэта добрая нагода вярнуцца да крыніцы паклікання, якой з’яўляецца Езус Хрыстус і сцвердзіў, што святар павінен з моцаю абвяшчаць заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова, цэлебраваць сакрамэнты і кіраваць вернікамі ў служэнні ім. Пры гэтым ён адзначыў, што служэнне ксяндза Сяргея прыйшлося на перыяд ад Вялікага юбілею хрысціянства 2000 года да юбілею 2025 года пры чатырох Пантыфіках — святым Яне Паўле ІІ, Бэнэдыкце XVI, Францішку и Льве XIV.

Адносячыся да гісторыі парафіі ў Пскове, іерарх нагадаў, што першыя звесткі аб католіках у гэтым горадзе адносяцца да ХІІІ стагоддзя, калі гэтымі землямі кіраваў князь Аляксандр Неўскі.

Знакавым для Касцёла на Пскоўшчыне было ХІХ стагоддзе, калі праваслаўны арцыбіскуп Ірэнэй дазволіў католікам маліцца ў пустуючай царкве Трох свяціцеляў.

З часам каталіцкая супольнасць дынамічна развівалася і ўзнікла патрэба ўзвядзення новага, большага па памерах касцёла. Яго будаўніцтва завяршылася ў 1855 годзе, аднак у 1934 годзе гэты касцёл быў зачынены. Да часоў адраджэння веры на пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя вернікі збіраліся на малітву па хатах або ездзілі ў Ленінград, Беларусь ці іншыя месцы.

У постсавецкі перыяд у Пскове служылі розныя святары, з якіх, як акрэсліў арцыпастыр, асабліва выдзяляюцца «два Кшыштафы». Ксёндз Кшыштаф Пажарскі ў 1992 годзе арганізаваў набажэнствы ў дастасаванай для гэтага капліцы ў набытым парафіяй прыватным доме ў Пскове. Ксёндз Кшыштаф Каралеўскі прыбыў у Пскоў у 1999 годзе і распачаў будаўніцтва новага касцёла. 28 жніўня 2000 года была асвечана пляцоўка з устаноўленым на ёй крыжам. 11 верасня 2005 года быў асвечаны дольны касцёл, у якім яшчэ і сёння моляцца вернікі.

«Касцёл — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам, якое здзяйсняецца дзякуючы служэнню святара. Касцёл без святара — гэта будынак без Божага слова, Эўхарыстыі і іншых сакрамэтаў. Таму ў часы, калі не было святароў, касцёлы ператвараліся ў музеі, кінатэатры, канцэртныя залы і г. д.»,

— навучаў арцыбіскуп.

У касцёле будуецца жывы Касцёл з чалавечых душаў як Містычнае Цела Хрыста, перадусім праз цэлебрацыю Эўхарыстыі. Арцыпастыр нагадаў слухачам словы Папы Льва XIV аб тым, што літургія павінна дапамагаць вернікам успрымаць святыню як месца пакланення, дзе святкуецца вера, адбываецца сустрэча з Хрыстом і арганізуюцца братэрскія сустрэчы вернікаў.

Іерарх выказаў падзяку святарам, якія адраджалі веру на пскоўскай зямлі пасля трох пакаленняў пераследу і заклалі падмурак для духоўнага ўзрастання. Ён таксама падзякаваў ксяндзу Сяргею Альхімёнку, які прадаўжае іх місію, і пажадаў яму з дапамогай Божай ласкі далей мужна несці крыж святарскага служэння, будаваць матэрыяльны і жывы Касцёл, даваць людзям надзею і весці іх шляхам збаўлення.

Напрыканцы Імшы прадстаўнікі парафіі выказалі словы падзякі дастойнаму іерарху за прыбыццё ў Пскоў і ўдзел у супольным святкаванні гэтай важных для парафіі падзеі і пажадалі яму здароўя, даўгалецця, выражаючы жаданне ўбачыцца з ім яшчэ раз.

Адказваючы на добрыя словы, арцыбіскуп Кандрусевіч узгадаў пра крыж, які быў устаноўлены падчас асвячэння пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла. Ён з’яўляецца сімвалам перамогі хрысціянскай веры над нявер’ем мінулых часоў. Арцыпастыр пажадаў пробашчу і парафіянам новых духоўных поспехаў і хуткага ўрачыстага асвячэння «вялікага», верхняга касцёла.

Пасля супольнага фота святкаванне завяршылася смачным абедам, прыгатаваным мясцовымі парафіянамі.