Skip to main content

У Магілёве адбылася сустрэча духавенства Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў

26 лютага
  • 28 лютага, 2025
  • Тэкст: кс. Юзаф Сярпейка, фота: з архіву парафіі св. Антонія ў Магілёве // Catholicminsk.by

26 лютага ў парафіяльным касцёле святога Антонія ў Магілёве адбылася пастырская сустрэча святароў і манаскіх асоб, якія нясуць служэнне ў Магілёўскай вобласці.

У спатканні прынялі ўдзел арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, а таксама Часовы павераны ў справах Святога Пасада ў Беларусі монсіньор Кшыштаф Сэрока.

Сустрэча распачалася супольнай малітвай Літургіяй гадзінаў.

Духоўную канферэнцыю прамовіў ксёндз канонік Андрэй Далянскі, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Касцюковічах.

“Spes non confundit”“Надзея не асароміць” (пар. Рым 5, 5) – спаслаўся прамоўца на словы папскай булы, якая абвяшчае звычайны Юбілей 2025 года. Разважаючы над зместам папскага дакумента, святар засяродзіўся над дзвюма справамі ў жыцці духоўных і кансэкраваных асоб.

“Першае, гэто тое, аб чым кажа папа ў дакуменце і што асабліва патрэбна святарам нашага рэгіёна: адпачынак. Адпачынак ад так часта не святарскай працы: будаўніцтва, рамонтаў, шуканнем сродкаў на існаванне ці хоць бы апошняй актуальнай справы, звязанай з перарэгістрацыяй ці ліквідацый парафій. Адпачынак, хоць мае розные формы, павінен, аднак, адбыцца ў сферы малітвы і глыбокага з’яднання з эўхарыстычным Хрыстом”.

Духоўны айцец Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звярнуў ўвагу на пільную патрэбу сталага прабывання ў эўхарыстычнай камуніі з Хрыстом.

“Адпачынак гэты, – дадаў святар, – мае таксама форму пазнавання Хрыста падчас чытання Святога Пісання ці іншай духоўнай літаратуры. Чытаць – гэта бачыць, распазнаваць, разумець. Засяроджваючыся над прачытаным, мы ўваходзім у сферу адказаў на пытанне: наколькі я ідэнтыфікуюся з вучэннем Хрыста?”

“Другое – гэта, у сваю чаргу, тое, каб да вернікаў выходзіць з жаданнем адарыць іх надзеяй, падтрымаць іх надзеяй, надзеяй іх акрыляць.

Узровень вашых казанняў, гамілій, духоўных канферэнцый, а таксама духоўный размоў і парадаў няхай будзе пазітыўным, будуючым, нясучым суцяшэнне ў надзеі”, – такімі словамі завершыў сваю канферэнцыю ксёндз Андрэй.

Чарговым пунктам сустрэчы духавенства Магілёўскага рэгіена была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой біскуп Яшэўскі заахвоціў прысутных маліцца Ружанец ў інтэнцыі хворага папы Францішка.

Падчас святой Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі, святары і кансэкраваныя асобы маліліся ў інтэнцыі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, які ў гэты дзень адзначаў свае імяніны.

Падчас гаміліі арцыбіскуп Станеўскі разважаў над тэматыкай “адзінства ў разнастайнасці”, звяртаючыся да прыкладу свайго нядаўняга візіту ў Ватыкан.

“Спатыкаючыся і размаўляючы з дзяржсакратаром Святога Пасаду кардыналам П’етра Паралінам, мы бачым, адчуваем і разумеем, што Касцёл – гэта супольнасць людзей з рознымі традыцыямі і жыццёвым досведам, але з аднолькавым поглядам на свет: падараваць кожнаму магчымасць сустрэцца з Хрыстом”.

Беручы за прыклад святога Яна Марыі Віянэя, пробашча з Арса, іерарх заахвоціў прысутных атаясамлівацца са святым, які з’яўляецца прыкладам адданага і ахвярнага служэння ў парафіі.

“Святы з Арса кажа, што святарства – гэта любоў Сэрца Езуса, якая павялічваецца, калі святар вельмі рупліва дбае пра сваё асабістае жыццё ва ўсіх яго вымярэннях” – нагадаў арцыпастыр.

Напрыканцы святой Імшы свае віншаванні біскупу Яшэўскаму выказаў таксама монсіньор Кшыштаф Сэрока, абяцаючы сваю малітоўную памяць аб імянінніку.

Пасля супольнай Эўхарыстыі ў канферэнц-зале прадстаўнік Святога Пасада прадставіў прэзентацыю на тэму паўсюднасці Касцёла.

На заканчэнне сустрэчы былі абмеркаваны бягучыя справы і пытанні душпастыраў і манаскіх асоб Магілёўскага рэгіена.