Skip to main content

У мінскім архікатэдральным касцёле з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася святая Імша з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі

16 лютага
  • 17 лютага, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: з архіву парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску // Catholicminsk.by

16 лютага ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша, падчас якой быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі падрыхтаваным да гэтага кандыдатам.

Узначаліў Святую Імшу і для 31 верніка ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, пробашч парафіі, які прывітаў іерарха і прысутных вернікаў, асабліва кандыдатаў да канфірмацыі, і ксёндз Павел Эйсмант, асабісты сакратар арцыбіскупа Кандрусевіча.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на чытаннях, якія Касцёл прадугледжвае для цэлебрацыі сакрамэнту канфірмацыі. Ён падкрэсліў, што як у дзень Пяцідзесятніцы апосталы ў Вячэрніку атрымалі Духа Святога, таксама ў архікатэдры, якая сталася мінскім Вячэрнікам, кандыдаты яго атрымліваюць.

“Езус кажа, што калі мы любім Яго, павінны захоўваць Яго запаведзі. Пры гэтым Ён абяцае прасіць свайго нябеснага Айца, каб паслаў Суцяшальніка, Духа праўды, які будзе з намі ва ўсе дні, – заўважыў іерарх. – У гэтых словах крыецца праўда аб тым, што прымаючы сакрамэнт канфірмацыі, мы актыўна ўдзельнічаем у дзеянні Духа Святога ў нашым жыцці і ў свеце”.

Паводле слоў арцыбіскупа Тадэвуша, сучасны чалавек сутыкаецца з масай праблем, якія павінен вырашаць. У гэтым нам дапамагаюць дары Духа Святога. Яны з’яўляюцца супрацьяддзем на выклікі сучаснасці. Сакрамэнт канфірмацыі надзяляе нас духоўнай сілай і заклікае да больш глыбокай адданасці Касцёлу і місіі Хрыста, каб быць носьбітамі пераменаў у свеце, які патрабуе святла Хрыста.

“Езус выразна кажа, што любоў да Яго праяўляецца праз захоўванне Яго запаведзяў. Недастаткова проста Яго любіць ці прытрымлівацца Яго вучэння. Мы павінны любіць Яго як сябры, а не як слугі. У гэтым нам таксама дапамагаюць дары Духа Святога”, – сцвердзіў арцыпастыр.

“Кім на самой справе з’яўляецца Святы Дух?” – задаў пытанне іерарх. І адразу даў адказ: “Ён – унутранае жыццё Бога і быў у свеце ад пачатку яго існавання. Ён – гэта нябачная нервовая сістэма чалавека і даўца жыцця. Нездарма ў гімне да Духа Святога мы просім Бога спаслаць свайго Духа, каб аднавіў аблічча зямлі”.

“Вельмі важна ў наш час звярнуць увагу на тое, што людзі аддаляюцца адзін ад аднаго. Інтэрнэт злучыў кантыненты, але не аб’яднаў людзей. Дамы сталі вялікімі, а сем’і маленькімі. Медыцына развіваецца, а здароўе слабее. Людзі заваявалі космас, але не ведаюць, як размаўляць з суседзямі. Маёмасці стала больш, а супакою менш. Мы сталі больш адукаванымі, але мудрасць знікла. Веды растуць, а духоўныя каштоўнасці памяншаюцца. Сяброў у смартфонах стала больш, але давяраць няма каму. Гадзіннікі сталі рознымі – механічнымі і электроннымі, а часу не хапае. Раней дамы будавалі з гліны, а чалавечыя сэцы былі залатымі. Сёння дамы блішчаць золатам, а сэрцы халодныя, як камень”, – са шкадаваннем заўважыў арцыпастыр.

Такі вобраз сучаснага чалавека. Прычына гэтага, паводле слоў іерарха, крыецца ў адсутнасці Бога ў жыцці людзей. Але ў сакрамэнце канфірмацыі да нас прыходзіць Дух Святы, каб нам дапамагчы.

“У публічных месцах можна спаткаць напіс: “Бясплатны Wi-Fi”, які дазваляе нам карыстацца Інтэрнэтам, атрымліваць навіны і камунікаваць з іншымі. Дух Святы – гэта наш “бясплатны Wi-Fi”, дзякуючы якому мы злучаны з Богам і паміж сабой, – сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч. – Лічбавыя тэхналогіі дазваляюць нам спампаваць розныя прыкладанні, якія ўдасканальваюць нашае жыццё. У сакрамэнце канфірмацыі мы атрымліваем  цудоўнае прыкладанне ў вобразе Духа Святога, які са сваімі сямю дарамі “загружаецца” ў нас, дзякуючы чаму мы ўмацоўваемся Божай ласкай”.

“У нашым жыцці людзям неабходна штодзённа прымаць рашэнні. Дух Святы дапамагае нам у гэтым і робіць нас сведкамі Хрыста. Ён не толькі адорвае нас сваімі дарамі і ласкамі, але і абавязвае любіць Бога і бліжняга як самога сябе, быць сумленнымі і жыць згодна з духам Евангелля сярод вельмі небяспечных паталогій сучаснага свету, якія змушаюць нас да маральнай і духоўнай капітуляцыі. Усё гэта патрабуе мужнасці і паслядоўнасці”, – зрабіў выснову арцыпастыр.

Сакрамэнт канфірмацыі – гэта не канец, а новы пачатак у Духу Святым, пачатак больш глыбокіх адносін з Богам і заклік да служэння іншым. Няхай Дух Святы вядзе і натхняе нас, каб мы былі рукамі і нагамі Езуса і ўзрасталі ў веры, надзеі і любові”, – усклікнуў іерарх.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў вернікам, каб дзень канфірмацыі быў для іх не толькі ўспамінам, але рэальнасцю штодзённага жыцця, умацаванага Духам Святым, які змяняе нас і чыніць лепшымі.

Умацаваныя дарамі Духа Святога, маладыя вернікі напрыканцы святой Імшы з радасцю на тварах падзякавалі арцыпастыру за ўдзелены сакрамэнт канфірмацыі.