ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Асаблівая ўрачыстасць у шклоўскай парафіі святых Пятра і Паўла
- 3 ліпеня, 2024
- Тэкст: Алесь Грудзіна, фота: Архіў шклоўскай парафіі // Catholicminsk.by
29 чэрвеня Каталіцкі Касцёл святкуе Урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Прыняўшы заклік абвяшчаць Евангелле ўсяму свету, яны прыклалі шмат намаганняў, каб данесці да як мага большай колькасці людзей праўду аб Уваскрослым і Жывым Хрысце. Сам апостал Павел сведчыць: “Пан стаў пры мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне і каб пачулі ўсе язычнікі…” (2 Цім 4, 17). Разам з тым святыя Пётр і Павел былі людзьмі з рознымі жыццёвымі гісторыямі.
Сёлета гэтую ўрачыстасць асаблівым чынам перажывалі вернікі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў горадзе Шклове (Магілёўскі дэканат). Справа ў тым, што менавіта ў 2024 годзе будынку шклоўскага касцёла спаўняецца 175 год. У далёкім 1849 годзе, дакладна 12 жніўня, ён быў асвячаны арцыбіскупам Казімірам Дмахоўскім ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. З тых часоў шмат усяго зведала шклоўская святыня: росквіт і заняпад, павагу і глумленне, але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, веру мясцовы люд захаваў.

У гэты святочны дзень яшчэ з раніцы да святыні пачалі збірацца вернікі. На парафіяльны фест прыйшло шмат вернікаў са Шклова і наваколля. Завіталі святары і вернікі з Магілёва, Бялыніч, Горак, Талачына. З нагоды юбілейнай даты шклоўскую святыню наведалі прадстаўнікі абласной улады і грамадскіх арганізацый Магілёўчыны. Такой колькасці вернікаў і гасцей шклоўскі касцёл ужо не бачыў даўно, але месца хапіла ўсім.





Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які ў прамоўленай гаміліі заахвоціў вернікаў па прыкладу святых апосталаў «быць скалою веры ў штодзённым жыцці».

Асабліва ўрачысты характар шклоўскаму фэсту надалі прыгожыя спевы пад гукі арганнай музыкі ў выкананні камернага дуэта, які прыехаў у Шклоў з Масквы (Расійская Федэрацыя).




Пасля ўрачыстасці са шчырымі і сардэчнымі словамі да душпастыра шклоўскай парафіі ксяндза Міхала Бубена і ўсіх прысутных звярнуліся прадстаўніца Магілёўскага абластнога выканаўчага камітэта Юлія Іванаўна Дзерашава і старшыня Магілёўскага аддзялення Беларускага Фонда Міра Андрэй Аляксандравіч Нікіцін, які паходзіць са Шклоўшчыны.


Біскуп Яшэўскі пасля прамовы пераказаў на рукі старшыні касцёльнага камітэта папскае благаслаўленне для парафіі з нагоды Юбілею. Старшыня касцёльнага камітэта шклоўскай парафіі Людміла Іосіфаўна Мірончык падзякавала іерарху за гэты незвычайны падарунак.


І зноў для прысутных гучалі чароўныя гукі сапраўды незямной, боскай музыкі аргана і харавыя спевы…
Свята ў шклоўскай парафіі будзе працягвацца далей. Касцёльнай радай запланаваны іншыя мерапрыемствы з нагоды Юбілею шклоўскай святыні.