Skip to main content

У Барысаве адкрыецца фотавыстава Віктара Ведзеня «Рараты»

29 лістапада
  • 27 лістапада, 2026
  • Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

29 лістапада ў парафіяльным касцёле Спаслання Духа Святога ў Барысаве (вул. Гагарына, 115) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фотавыставы Віктара Ведзеня пад назвай «Рараты». Экспазіцыя распачнецца адразу пасля святой Імшы ў 11.00 і будзе адкрыта для наведвальнікаў да 25 снежня.

Выстава прымеркавана да Адвэнту. Яе галоўная мэта — не толькі пазнаёміць гледачоў з фотамастацтвам, але і заахвоціць вернікаў актыўна прымаць удзел у раратніх набажэнствах, каб самім адчуць непаўторную атмасферу радаснага чакання нараджэння Хрыста.

Асаблівасць раратніх святых Імшаў у тым, што яны цэлебруюцца на досвітку, яшчэ да ўзыходу сонца, у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. На пачатку літургіі ў святыні пануе змрок, які разганяе толькі святло запаленых свечак і ліхтарыкаў у руках вернікаў. Гэта стварае асаблівы настрой цішыні, малітоўнай засяроджанасці і духоўнай блізкасці.

Унікальнасць праекта «Рараты» складаецца ў тым, што праз гульню святла і ценю фотамастак перадае глыбокія эмоцыі і шчырую малітву людзей. Гэта не проста рэпартажныя здымкі, а мастацкія партрэты, у якіх захаваная жывая вера розных пакаленняў. Экспазіцыя з’яўляецца жывым праектам: яна пастаянна развіваецца і штогод дапаўняецца новымі вобразамі ўдзельнікаў раратніх Імшаў з розных парафій Беларусі.

Аўтар выставы – вядомы беларускі фатограф Віктар Ведзень, які ўжо шмат гадоў займаецца мастацкай і дакументальнай фатаграфіяй. Яго працы вылучаюцца ўвагай да духоўнай тэматыкі, традыцый і ўменнем убачыць глыбіню ў простых чалавечых тварах.