Skip to main content

Caritas мінскай архікатэдры ў трэці раз правяла уік-энд для людзей з рассеяным склерозам

21–22 лістапада
  • 26 лістапада, 2026
  • Тэкст і фота: Вольга Мышкоўская // Catholicminsk.by

21–22 лістапада ў Дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў вёсцы Ляскоўка адбылася цёплая сустрэча для людзей з рассеяным склерозам.

Дабрачынны ўік-энд, прымеркаваны да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю (3 снежня), арганізавалі грамадскае аб’яднанне інвалідаў «Дапамога хворым на рассеяны склероз» і валанцёры парафіяльнага Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Рассеяны склероз — хранічнае захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы, якое часта дыягнастуецца ў маладых людзей і можа сур’ёзна абмяжоўваць іх паўсядзённае жыццё. Акрамя медыцынскай дапамогі, гэтым людзям вельмі патрэбныя жывыя зносіны, разуменне і падтрымка супольнасці. Менавіта таму валанцёры мінскай архікатэдры ўжо трэці раз ладзяць такую сустрэчу. Яна паспела стаць добрай традыцыяй: тут кожны можа адпачыць ад штодзённых цяжкасцяў і адчуць сябе ў сяброўскім коле.

Першы дзень уік-энду — субота, 21 лістапада, — пачаўся з прыезду ўдзельнікаў, іх размяшчэння і супольнага абеду. Пасля ўсе ахвотныя маглі бясплатна скарыстацца паслугамі цырульніка — падстрыгчыся і пафарбаваць валасы. Гэта падарыла гасцям абноўлены вобраз і шмат радасці.

Адметнай падзеяй суботы стаў творчы майстар-клас. На тэрыторыі Caritas сабраліся тыя, хто штодня стварае прыгажосць сваімі рукамі, — сакральныя фларысты, — і тыя, хто штодня жыве з абмежаваннямі, выкліканымі захворваннем, — людзі з рассеяным склерозам. Разам яны стваралі адвэнтавы вянок. Сакральныя фларысты прысвяцілі сваю працу памяці Слугі Божай Ванды Банішэўскай — як знак салідарнасці з тымі, каму сёння патрэбна дапамога.

Пры рассеяным склерозе нават просты рух — узяць галінку і ўкласці яе сярод іншых — можа патрабаваць значных намаганняў праз парушэнне каардынацыі і стомленасць рук.

Аднак фларысты не рабілі ўсё замест гасцей, а працавалі разам з імі. У гэтым занятку не было месца жалю — толькі радасць ад супольнай справы.


Створаны агульнымі намаганнямі вянок упрыгожыў мясцовую каплічку на перыяд Адвэнту. Для ўдзельнікаў з рассеяным склерозам ён стаў напамінам пра тое, што Бог дзейнічае праз людзей, а для сакральных фларыстаў — сведчаннем таго, што іх служэнне заключаецца не толькі ў стварэнні сіметрычных кампазіцый, але і ў супольным перажыванні прыгажосці жыцця з Богам і ў Богу. Увечары ўдзельнікаў чакала вясёлая і захапляльная гульня «Поле цудаў», якую падрыхтавалі і правялі валанцёры.

У нядзелю, 22 лістапада, праграма працягнулася святочным канцэртам, што прайшоў у асабліва цёплай і радаснай атмасферы. У гэты дзень удзельнікаў уік-энду таксама наведалі прадстаўнікі Пасольства Славакіі. Яны ўжо не першы год падтрымліваюць грамадскае аб’яднанне, перадаючы неабходныя сродкі асабістай гігіены. Гэтым разам госці падрыхтавалі падарунак для кожнага ўдзельніка сустрэчы. Двухдзённы ўік-энд завяршыўся супольным абедам і ўтульным чаяваннем перад ад’ездам.

Арганізатары і валанцёры выказваюць шчырую падзяку парафіянам мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.


Менавіта дзякуючы іх ахвярнасці, адкрытым сэрцам і гатоўнасці дзяліцца дабром з бліжнімі стала магчыма правесці гэты ўік-энд і набыць неабходныя сродкі дапамогі.