Кармэліты босыя адзначылі свята святога Рафала Каліноўскага – апекуна Рэгіянальнага вікарыята
- 23 лістапада, 2026
- Паводле karmel.by
20 лістапада у Мядзелі адбылася сустрэча кармэлітаў босых, якія нясуць служэнне ў Рэгіянальным вікарыяце ў Беларусі. На супольную малітву і братэрскае спатканне прыехалі браты з усіх чатырох манаскіх супольнасцяў з Гудагая, Нарачы, Мядзела і мінскага мікрараёна Ангарская. Сустрэча была прымеркавана да літургічнага ўспаміну святога Рафала Каліноўскага — галоўнага апекуна кармэлітаў босых у Беларусі.
Дзень распачаўся малітвай Літургіі гадзінаў. Пасля яе браты выслухалі духоўную канферэнцыю ксяндза доктара Андрэя Лысага SChr з Мінска.
Ксёндз Андрэй сканцэнтраваўся на тэме братэрства ў манаскай сям’і і прапанаваў прыгледзецца да постацяў, якія фармуюць духоўнасць Кармэлю. Найсвяцейшую Панну Марыю святар паказаў як узор для манахаў, бо менавіта вакол Яе браты збіраюцца і яднаюць сваё штодзённае жыццё. Святога прарока Іллю ксёндз Андрэй прадставіў як чалавека, які няспынна жыве ў прысутнасці Бога і сведчыць пра Яго. Асобна святар спыніўся на вялікіх постацях Кармэлю. Нагадаў і пра іншых святых:
- пра святую Тэрэзу ад Езуса — настаўніцу духоўнага жыцця, якая вучыць трываць у еднасці з любячым Богам;
- пра святога Яна ад Крыжа з ягонай перасцярогай, што на схіле веку судзіць нас будуць паводле любові;
- пра святую Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса, што адкрыла шлях да святасці праз вернасць у малых справах.

Ксёндз Андрэй звярнуў увагу і на будні манаскай супольнасці. Ён падкрэсліў важнасць ўзаемнага прабачэння і заахвоціў братоў не насіць у сэрцы даўніх крыўдаў і не вяртацца думкамі да мінулых памылак, што часам цяжарам цягнуцца за чалавекам, а з надзеяй глядзець наперад і трываць у еднасці з Богам. Напрыканцы канферэнцыі ксёндз Андрэй пажадаў усім верна сцерагчы дар паклікання і нястомна падтрымліваць адзін аднаго ў малітве ды штодзённым жыцці.
Пасля канферэнцыі браты памаліліся ў цішыні падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым цэлебравалі святую Імшу, якую ўзначаліў ксёндз Андрэй.

У гаміліі, разважаючы над літургічнымі чытаннямі дня, святар нагадаў пра скрутак Божага слова з Апакаліпсіса, які горкі ў нутры:
Таксама святар згадаў ачышчэнне святыні, калі Езус, спасылаючыся на прарокаў, нагадаў, што дом Божы — гэта дом малітвы для ўсіх народаў, а не пячора разбойнікаў.
— падкрэсліў святар.
Завяршылася сустрэча супольным абедам і рэкрэацыяй.

Святы Рафал Каліноўскі (1835–1907) звязаны з беларускай зямлёй сваімі каранямі і жыццёвым шляхам: бацька будучага святога паходзіў з Гродзеншчыны, а маці з Міншчыны. Нарадзіўся ён у Вільні, вучыўся ў Горках, затым скончыў вайсковую акадэмію ў Пецярбургу і служыў вайсковым інжынерам у Брэсце. Там пасля доўгага перыяду духоўнага пошуку ён перажыў глыбокае навяртанне і вярнуўся да сакрамэнтальнага жыцця. За ўдзел у паўстанні 1863 года быў сасланы на дзесяцігадовую катаргу ў Сібір. Вызваліўшыся, уступіў у Ордэн кармэлітаў босых, прыняў святарскае пасвячэнне і адрадзіў ордэн у Галіцыі, праславіўшыся як руплівы спаведнік і духоўны кіраўнік.





