Skip to main content

У парафіі святога Роха адбылася прэзэнтацыя кнігі Станіслава Янчарскага пра касцёлы Мінска

8 лістапада
  • 9 лістапада, 2026
  • Тэкст: Жанна Мецеж / Фота: з сацыяльных сетак Станіслава Янчарскага і парафіян касцёла святога Роха // Catholicminsk.by

Як змяняўся Мінск на працягу стагоддзяў і якое месца ў яго гісторыі займалі каталіцкія святыні? Адказ на гэтыя пытанні дае новае ілюстраванае выданне, у якім фатограф і падарожнік Станіслаў Янчарскі сабраў гістарычныя звесткі, архіўныя выявы і фотаздымкі касцёлаў сталіцы — як тых, што захаваліся, так і страчаных. Прэзэнтавалі кнігу у мінулую нядзелю ў мінскім касцёле святога Роха.

8 лістапада ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску пасля святой Імшы беларускі фатограф і падарожнік Станіслаў Янчарскі прэзентаваў сваю новую кнігу «Мінск з верай праз стагоддзі». Як адзначыў аўтар ва ўступным слове да чытачоў, выданне «раскрывае асноўныя вехі распаўсюджвання хрысціянства лацінскага абраду на беларускіх землях».

«Напэўна, будзе лепей сказаць, што гэта кніга пра гісторыю нашай сталіцы, яе народа, цесна звязанага з верай»,

— дадаў Станіслаў Янчарскі, анансаваўшы прэзентацыю ў сваіх сацыяльных сетках.

На старонках кнігі сабраны фотаздымкі мінскіх святыняў, гістарычныя звесткі, архіўныя матэрыялы і старадаўнія карты. Асаблівую цікавасць уяўляюць архітэктурныя рэканструкцыі касцёлаў, якія не захаваліся да нашых дзён, сярод іх — касцёл святога Тамаша Аквінскага, кляштар дамініканаў і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Дзякуючы рэканструкцыям чытачы могуць таксама ўбачыць, як выглядалі касцёл святога Роха, архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і езуіцкі калегіум у розныя гістарычныя перыяды. Выданне дапоўнена храналогіяй каталіцкіх святыняў Мінска, якая дазваляе прасачыць іх размяшчэнне ў розных частках горада на працягу стагоддзяў.

Тэма каталіцкай спадчыны Беларусі пачалася для Станіслава Янчарскага каля шасці гадоў таму.

«Аднойчы я заехаў у адзін касцёл на Віцебшчыне і здзівіўся незвычайным роспісам. Зацікавіўся, пачаў ездзіць па краіне. Праехаў амаль 30 тысяч кіламетраў, адзняў каля 400 каталіцкіх храмаў. Гэта здымкі звонку, з паветра, інтэр’еры. Усе візіты ўзгадняў са святарамі»,

— распавядаў фатограф у адным з інтэрв’ю.

Вынікам гэтага вялікага захаплення стала пяцітомнае выданне «Касцёлы Беларусі», у якім сабраны фотаздымкі святыняў Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзі. Пра прэзентацыю аднаго з тамоў гэтай серыі раней паведамляў «Каталіцкі Веснік». Сярод іншых альбомаў аўтара — кніга «Катэдральны касцёл святога Францішка Ксавэрыя», прысвечаная гродзенскай святыні.

Падчас прэзэнтацыі на Залатой Горцы Станіслаў Янчарскі запэўніў прысутных, што хоча і надалей працягваць гэтую працу, каб больш дасканала паказваць гісторыю беларускай зямлі.

«Касцёлы — гэта не проста будынкі. Гэта — людзі»,

— падкрэсліў фатограф.

Удзельнікі нядзельнай сустрэчы маглі набыць кнігу і атрымаць аўтограф аўтара. Новаму выданню не шкадавалі цёплых слоў. «Вельмі якаснае, прыгожае і файнае выданне!» — дзяліліся паміж сабой тыя, хто набыў кнігу. Вернікі таксама выказвалі сваю ўдзячнасць Станіславу Янчарскаму за яго уклад у захоўванне каталіцкай духоўнаўнасці.