Skip to main content

Рух «Сужэнскія сустрэчы» запрашае сем’і і духоўных асобаў на рэкалекцыі ў Рось

13-15 лістапада
  • 20 кастрычніка, 2026
  • Catholicminsk.by

З 13 па 15 лістапада рух «Сужэнскія сустрэчы» запрашае сужонкаў і духоўных асобаў — найперш з Гродна і Гродзенскай дыяцэзіі, а затым і з усёй Беларусі — на рэкалекцыі ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца» пры дыяцэзіяльным санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат).

«Калі вы апошні раз знаходзілі час, каб пабыць удваіх і пагаварыць пра сябе, пра вас і вашы адносіны? Не пра дзяцей, працу, хатнія клопаты, планы на заўтра ці праблемы, якія трэба вырашыць. А пра тое, што адбываецца паміж вамі сёння. Што вы адчуваеце? Чаго вам не хапае? Што вас радуе, а што засмучае? Пра што даўно хацелася пагаварыць, але ў штодзённай мітусні ўсё ніяк не знаходзілася часу?», — такія пытанні задаюць сужонкам арганізатары рэкалекцый. І паведамляюць:

«Сужэнскія сустрэчы» — гэта асаблівы ўік-энд, прысвечаны вашым адносінам. Час, калі можна адкласці штодзённыя клопаты, спыніцца, паглядзець адно на аднаго і паспрабаваць нанова пачуць і зразумець таго, хто побач.

У аснове аўтарскай праграмы руху «Сужэнскія сустрэчы» — дыялог паміж мужам і жонкай або паміж духоўнай асобай і Богам. Ён дапамагае не толькі размаўляць, але і па-сапраўднаму слухаць, дзяліцца пачуццямі, разумець і прымаць адно аднаго.

Ужо амаль 20 гадоў праграма дапамагае сужэнскім парам у Беларусі:

• нанова адкрываць адно аднаго і лепш разумець пачуцці ды патрэбы мужа ці жонкі;
• аднаўляць блізкасць, давер і цеплыню ў адносінах;
• знаходзіць шлях да дыялогу нават у складаныя і крызісныя перыяды;
• вучыцца пераадольваць непаразуменні і канфлікты;
• вяртаць радасць ад супольнага жыцця;
• умацоўваць добрыя адносіны і адкрываць новыя магчымасці для іх развіцця;
• клапаціцца пра любоў не толькі падчас рэкалекцый, але і ў штодзённасці.

Для каго гэтыя рэкалекцыі?

  • Для сужонкаў, якія перажываюць няпросты перыяд, адчуваюць аддаленне і хочуць зноў знайсці шлях адно да аднаго.
  • Для тых, у каго добрыя адносіны, але ёсць жаданне зрабіць іх яшчэ больш глыбокімі, блізкімі і цёплымі.
  • Для маладых пар, якія толькі пачынаюць супольны шлях і хочуць ад самага пачатку вучыцца дыялогу.
  • І для ўсіх, хто сярод працы, дзяцей і шматлікіх абавязкаў адчувае: нам вельмі патрэбны час толькі для нас дваіх.       

Падчас рэкалекцый не трэба распавядаць пра свае адносіны іншым удзельнікам. Тут няма групавых абмеркаванняў асабістых праблем — усё самае важнае адбываецца ў дыялогу паміж мужам і жонкай.

Магчыма, самае каштоўнае ў гэтым уік-эндзе — тое, што дыялог не заканчваецца пасля вяртання дадому.

Ён можа стаць часткай звычайнага жыцця: дапамагаць лепш чуць адно аднаго, выходзіць з канфліктаў, перажываць цяжкасці і зноў знаходзіць радасць у сваім «разам».

На рэкалекцыі запрашаюцца таксама духоўныя і кансэкраваныя асобы. Для іх праграма становіцца магчымасцю перажыць асаблівы час у дыялогу з Богам, паглыбіць адносіны з Ім, з самім сабой і з людзьмі, якіх Ён ставіць побач.

Што гавораць пра гэты ўік-энд тыя, хто ўжо яго перажыў?

  • Перад рэкалекцыямі я адчувала і трывогу, і цікавасць: што нас тут чакае? У штодзённым жыцці столькі бытавых спраў, што нашы размовы паступова звяліся амаль да нуля. А нявырашаныя пытанні нікуды не знікалі. Яны назапашваліся, да іх дадаваліся новыя перажыванні, і ўсё гэта заставалася недзе ўнутры. Самым каштоўным для мяне стала магчымасць нарэшце даць выхад таму, што доўга насіла ў сабе. Не працягваць накручваць сябе, не дазваляць назапашанаму разбураць нашыя адносіны, а паспрабаваць разабрацца ў тым, што са мной адбываецца, і ў дыялогу падзяліцца гэтым з мужам. З рэкалекцый я вяртаюся з цвёрдым намерам не згубіць тое, што мы тут адкрылі.
  • На рэкалекцыі я ехала са страхам і трывогай. Баялася невядомасці, баялася, што ў нашых адносінах адкрыецца нешта страшнае. Але разам з тым была і надзея, што мы зможам стаць бліжэйшымі адно да аднаго. Апошнім часам нам вельмі не хапала часу на размовы. Назапасілася шмат нявыказаных пачуццяў, раздражненняў, непаразуменняў. Я разумела, што трэба нешта мяняць, але цалкам не ведала, з чаго пачаць. І як жа я была здзіўлена, калі падчас рэкалекцый мы змаглі вярнуцца аж да самага пачатку нашых адносін, узгадаць, чаму я калісьці выбрала мужа! Гэта дапамагло мне па-новаму паглядзець на мужа і ўсвядоміць, які ён бясцэнны дар Пана Бога для мяне. Тут я змагла сказаць тое, што доўгі час не адважвалася. З рэкалекцый я вяртаюся з цвёрдым намерам, што нашы адносіны стануць мацнейшымі.
  • Шчыра кажучы, я зусім не хацеў ехаць на гэтыя рэкалекцыі. Быў катэгарычна супраць. Мне здавалася, што я і так усё ведаю пра нашу сям’ю і нашы адносіны. Але за гэтыя тры дні я зразумеў, як шмат, аказваецца, я яшчэ не ведаю. Колькі ўсяго заставалася недагавораным паміж намі, колькі пачуццяў і перажыванняў назапашвалася гадамі. Гэты ўік-энд стаў для нас вельмі важным досведам. Я зразумеў, што над нашымі адносінамі трэба працаваць, што сям’ю варта будаваць, закладваць трывалы падмурак. Разбурыць адносіны вельмі проста. А вось будаваць, берагчы і ўмацоўваць іх — гэта штодзённая праца. І мы хочам працягваць гэта рабіць разам.
  • Мы жанатыя зусім нядаўна. І мне здавалася, што ў нас усё добра: што мы любім адно аднаго, а значыць, з усім астатнім неяк справімся. Але ўжо цяпер я заўважаю, як часта мы па-рознаму глядзім на адны і тыя ж рэчы. Часам я чакаю, што муж сам здагадаецца, чаго мне хочацца, а потым крыўджуся, калі гэтага не адбываецца. І ён таксама не заўсёды разумее мяне. На гэтых рэкалекцыях для мяне стала адкрыццём, што, нават калі мы вельмі любім адно аднаго, гэта яшчэ не значыць, што мы заўсёды ўмеем адно аднаго пачуць. Мне вельмі радасна, што мы прыехалі сюды менавіта цяпер, калі наша сямейнае жыццё толькі пачынаецца. Хочацца не чакаць, пакуль паміж намі вырасце сцяна з крыўдаў і непаразуменняў, а ўжо сёння вучыцца быць разам. Я вяртаюся дадому з адчуваннем, што мы зрабілі нешта вельмі важнае для нашай маладой сям’і.

Арганізацыйныя пытанні

Рэкалекцыі пачнуцца ў пятніцу 13 лістапада ў 18.00. Заканчэнне — у нядзелю 15 лістапада каля 15.00.

У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.

Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і вервызнання: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.

Адрас: Гродзенская вобласць, Ваўкавыскі р-н, г.п. Рось, вул. Чырвонаармейская, 12.

Запіс па тэлефоне: +375 (44) 761 53 96

Сем’і, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», дзеляцца сваімі сведчаннямі:

«Нашыя сем’і нарадзіліся для таго, каб быць шчаслівымі. Запрашаем выкарыстаць гэтую магчымасць!» — кажуць арганізатары.