Skip to main content

Выйшаў чарговы 3-і нумар часопіса «Наша вера» 

  • 13 кастрычніка, 2026
  • Паводле
  • Ave-maria.by

Трэці сёлетні нумар часопіса «Наша вера» запрашае чытачоў да роздуму над духоўнай спадчынай, гісторыяй Касцёла ў Беларусі, сакральным мастацтвам і малавядомымі старонкамі нацыянальнай культуры. На яго старонках сустрэліся пераклады духоўнай літаратуры, артыкулы пра сакральнае мастацтва, рэлігійнае жыццё і выбітных дзеячаў мінуўшчыны і сучаснасці. Не абышлося і без літаратурных твораў беларускіх аўтараў. 

Адкрывае выпуск працяг «Споведзі» святога Аўгустына ў перакладзе на беларускую мову вядомага лацініста Алеся Жлуткі. Гэта адна з пярлін духоўнай літаратуры, і дзякуючы перакладчыку беларускі чытач можа наблізіцца да духоўнай спадчыны аднаго з найбольш выбітных мысляроў заходняй хрысціянскай традыцыі. 

Рубрыку «Мастацтва» прадстаўляе артыкул Валянціна Глекава «Святы Дамінік і святы Францішак бароняць зямлю ад гневу Хрыста», у якім аўтар звяртаецца да сакральнага мастацтва: рэлігійныя вобразы —  гэта не толькі прадмет аздаблення святынь, але і спосаб выказаць важныя тэалагічныя і духоўныя ідэі. 

Настаўніца гісторыі Таццяна Шумель запрашае ў падарожжа па святынях разам з артыкулам «Вандруем па святынях. Касцёл у Лебедзеве», які знаёміць чытачоў з гісторыяй яшчэ адной каталіцкай святыні Беларусі. 

Асобнае месца ў новым нумары займаюць гістарычныя даследаванні, якія дапамагаюць аднавіць малавядомыя старонкі мінуўшчыны і захаваць памяць пра людзей, што фармавалі рэлігійнае і культурнае аблічча Беларусі. 

У рубрыцы «З архіваў часу» змешчана даследаванне доктара філасофіі Васіля Манкевіча «Шацілкаўскі касцёл і яго святары». У цэнтры ўвагі аўтара — гісторыя святыні і святароў, чыя дзейнасць была звязана з мясцовай каталіцкай супольнасцю. 

Кандыдат гістарычных навук Анатоль Сцебурака ў артыкуле «Капліца Раецкіх і Кашыцаў у Абрыне» працягвае даследаваць спадчыну старажытных беларускіх родаў. Праз гісторыю капліцы раскрываецца магчымасць зірнуць на мінуўшчыну праз лёсы сем’яў, памяць пра якія захавалася ў архітэктурных помніках і гістарычных сведчаннях. 

У гэтым нумары завяршаецца публікацыя артыкула кандыдата філалагічных навук Ларысы Пуцылевай «Выхадцы з ВКЛ у Італіі ў эпоху Адраджэння», дзе аўтарка даследуе факты прысутнасці і навучання нашых суайчыннікаў у Балонскім універсітэце (папярэднія часткі — у ранейшых нумарах). 

Да гісторыі беларускай каталіцкай інтэлігенцыі звяртаецца гісторык Аляксандр Горны. У артыкуле «Natione Alborussum: Ігнат Гагалінскі» ён распавядае пра малавядомага сёння свецкага каталіцкага дзеяча, які ў 1920-я гады быў прыкладам фармавання новага пакалення беларускай інтэлігенцыі. 

Даследаванне нацыянальнай культурнай спадчыны прапануе літаратуразнаўца Ірына Багдановіч у артыкуле «„Малюнкі… страчанага раю“: Беларусь у паэме Яна Булгака „Мая зямля“…». Аўтарка звяртаецца да малавядомых аспектаў творчасці знакамітага фатографа, раскрываючы яго постаць праз літаратурны вобраз роднага краю. 

Мастак, рэстаўратар і калекцыянер Ігар Сурмачэўскі ў матэрыяле «Граф і святар: фоталетапісцы з Вялікай Бераставіцы на мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў» разважае пра асобу Паўла Валынцэвіча і асаблівасці яго творчасці.  

Літаратурная частка нумара аб’ядноўвае творы аўтараў розных пакаленняў і творчых кірункаў. У рубрыцы «Паэзія» прадстаўлены вершы Аксаны Данільчык, Эдуарда Акуліна і Алены Сямёнавай-Герцаг. 

Паэт і эсэіст Леанід Дранько-Майсюк гэтым разам выступае ў якасці празаіка: чытачы знойдуць у часопісе яго апавяданне «Арсень і Акімка». 

Філолаг і паэтка Магдалена Лаеўская ў артыкуле «Жменька мукі» дзеліцца ўспамінамі пра дарагіх яе сэрцу людзей і мясціны. Асабістыя згадкі набываюць тут значэнне сведчання пра чалавечыя сувязі і духоўны досвед, што застаецца часткай культурнай памяці. 

Завяршае літаратурны шэраг эсэ літаратуразнаўцы Сяргея Чыгрына «Жыў у Лідзе паэт», змешчанае ў рубрыцы «Успаміны». Матэрыял прысвечаны памяці Юрыя Карэйвы (1961–2021).