«Самая прыгожая святыня — тая, якая напоўнена людзьмі»: у Ракаве адзначылі 120-годдзе касцёла
- 5 кастрычніка, 2026
- Тэкст: Жанна Мецеж / Фота: Вольга Магала // Catholicminsk.by
1 кастрычніка ў Ракаве адзначылі 120-годдзе касцёла Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка. У дзень успаміну святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса ўрачыстую святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Галоўнай тэмай яго гаміліі стала не столькі гісторыя мураванай святыні, колькі яе сапраўднае прызначэнне: быць домам, у якім чалавек сустракаецца з Богам і іншымі людзьмі.
У гэты дзень над Ракавам было яснае неба. Блакіт праглядаў праз вокны неагатычнага касцёла, а ўнутры святыні сабраліся святары, парафіяне і госці ўрачыстасці.
«Сёння мы святкуем радасць 120-гадовага юбілею асвячэння нашага Божага дому, які на працягу пакаленняў быў Божым і родным домам для вялікай колькасці вернікаў нашай парафіі», — так распачаў урачыстасць пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Чупрын.
Сярод святароў, якія прыехалі ў Ракаў на юбілей, былі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, яго асабісты сакратар Юрый Ясевіч, ксяндзы Павел Эйсмант, Юрый Бараўнёў, Сяргей Дабрагост MSF, ксяндзы канонікі Сяргей Яркавец, Сяргей Бараўнёў, Андрэй Фёдараў, ксёндз канонік-прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і іншыя святары. Ксёндз Дзмітрый падзякаваў субратам у святарскай паслузе за еднасць прэзбітэрыя і асобна прывітаў ксяндза каноніка Пятра Шарко, пробашча парафіі Божага Цела ў Нясвіжы, які паходзіць з Ракава і таму не мог не аддзячыць свайму роднаму касцёлу. «Як сказаў ён: “Я абавязаны гэтай святыні і вашым парафіянам”», — прыгадаў ксёндз Дзмітрый.

Асобная падзяка прагучала вернікам, якія прынялі ўдзел у парафіяльнай урачыстасці, старэйшым міністрантам Дзянісу і Паўлу Едноўскім, парафіяльнаму хору, а таксама ўсім, хто дапамог падрыхтаваць святыню і тэрыторыю вакол яе. «Сёння, у гэты чацвер, у будні дзень, калі дастаткова цяжка адкінуць свае паўсядзённыя абавязкі, мы адгукнуліся на гэты Божы заклік — маленькі добры пабожны ўчынак, каб паўдзельнічаць у нашай парафіяльнай падзеі. І зараз з удзячнасцю скаладаем гэтую найсвяцейшую ахвяру», — адзначыў ксёндз Дзмітрый Чупрын.
Святыня, якая перажыла больш за адно пакаленне
Гісторыя ракаўскай святыні значна старэйшая за яе сённяшнія мураваныя сцены. Парафія была заснавана ў XVII стагоддзі, і тут стаяў драўляны касцёл, які неаднойчы гарэў.
Менавіта таму гэтая сённяшняя мураваная святыня ўспрымаецца не проста як помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, але і як працяг доўгай гісторыі мясцовай каталіцкай супольнасці.

Пасля Другой сусветнай вайны касцёл перастаў дзейнічаць, і ў савецкія гады яго будынак выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах — тут былі і склад, і крама. Набажэнствы аднавіліся толькі ў пачатку 1990-х гадоў, пасля вяртання касцёла вернікам.
Пра перыпетыі ракаўскага касцёла нагадаў і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Для іерарха гісторыя мясцовай парафіі стала гісторыяй вернасці людзей, якія будавалі, захоўвалі і вярталі святыню яе сапраўднаму прызначэнню:
Ён прызваў дзякаваць Пану Богу за тых, хто пабудаваў гэтую святыню, за ксяндза Еўстахія Карповіча, за нашых продкаў, якія напэўна са свайго бюджэту дапамагалі ў гэтай справе, каб пабудаваць яе на месцы спаленай драўлянай — дзяля таго, каб мы «сёння як адна вялікая сям’я, у Ракаве, сабраліся, каб з’яднацца ў малітве».
«Самая прыгожая — тая, якая напоўнена людзьмі»
У літургіі гэтага дня асабліва арганічна гучалі словы з Кнігі прарока Ісаі: «Радуйцеся, весяліцеся», а таксама евангельскі заклік Хрыста стаць падобнымі да дзяцей. Менавіта гэтыя чытанні былі прапанаваныя Касцёлам на 1 кастрычніка — ва ўспамін святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса. Для арцыбіскупа Юзафа Станеўскага гэта стала яшчэ адной нагодай пагаварыць пра радасць і пра тое, што робіць святыню сапраўды прыгожай.
«Але якая з іх самая прыгожая?» — запытаўся пастыр, гаворачы пра шматлікія касцёлы, якія сёння могуць наведваць вернікі, а затым растлумачыў: сапраўдная прыгажосць святыні не вымяраецца толькі яе архітэктурай.
— прыгадаў іерарх.
Калі ў храме ёсць людзі, якія адчуваюць сябе ў ім як дома, калі тут жыве малітва і ёсць сэрцы вернікаў, менавіта гэта надае святыні сапраўдную красу. Таму гісторыя ракаўскага касцёла, які ў савецкі час выкарыстоўваўся не па прызначэнні, для арцыбіскупа стала асабліва красамоўнай.

«Бо як Езус Хрыстус сказаў: «Разбурыце гэтую святыню, а Я яе адбудую », так было і са святыняй у Ракаве, якая выконвала іншую мэту — была, напрыклад, магазінам. Але сэрца вернікаў жыве Богам», — заўважыў арцыбіскуп Станеўскі. Менавіта сэрца чалавека, падкрэсліў далей іерарх, з’яўляецца той прасторай, дзе Бог хоча жыць.
— дадаў арцыпастыр.
Ён прыгадаў і словы папы Францішка пра тое, што чалавек, які дазваляе Езусу Хрысту дакрануцца да яго сэрца ў Божым слове і святой Камуніі, жыве маладосцю Хрыста. «Ён жыве, і хоча, каб і ты жыў», — запэўніў арцыбіскуп Юзаф.
Не толькі захаваць святыню, але і захаваць веру
1 кастрычніка Касцёл успамінае святую Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса — святую, чый «малы шлях» вядзе да Бога праз простыя ўчынкі, давер і штодзённую вернасць.
Менавіта гэты дух у пачатку ўрачыстасці адзначыў ксёндз Дзмітрый Чупрын. Нават удзел у будні дзень у парафіяльным свяце ён назваў такім маленькім добрым учынкам, праз які чалавек адказвае на Божы заклік. А арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звязаў постаць святой Тэрэзы з адказнасцю сучаснага чалавека за сваю веру. «Святая Тэрэза з Дзіцяткам Езусам моцна трымалася веры нягледзячы ні на што — трымалася ў сваім імкненні быць з Езусам», — нагадаў ён.

Паводле арцыбіскупа, юбілей святыні — гэта не толькі нагода ўспомніць тых, хто калісьці ўзвёў яе сцены. Гэта таксама пытанне да сённяшняга пакалення: што мы зробім з верай, якую атрымалі ад продкаў?
— заклікаў іерарх.
Святыню, як сказаў далей пастыр, трэба не толькі захоўваць як гістарычны помнік. Яна павінна заставацца месцам сустрэчы — з Богам і чалавекам. «Каб мы не проста ўспрымалі святыню як прыгожасць, але і як месца сустрэчы з Богам. Мы дазваляем быць дому ў гэтым месцы, каб Езус Хрыстус дакрануўся да нашага сэрца, каб мы ўзрасталі ў Ім. Каб мы не толькі вызнавалі нашу веру, але і маглі яе берагчы і дзяліцца», — дадаў арцыбіскуп Юзаф.
Таму 120-годдзе касцёла стала для ракаўскай парафіі не толькі ўспамінам пра мінулае. Гэта было свята адказнасці за будучыню — за святыню, за парафію і, перш за ўсё, за веру, якая перадаецца ад пакалення да пакалення.
— падкрэсліў арцыпастыр і дадаў, што хрысціянін пакліканы не захоўваць веру толькі для сябе, але дзяліцца ёю з іншымі: як Хрыстус паслаў вучняў абвяшчаць пра сваё ўваскрасенне, так і сучасны чалавек пакліканы несці сведчанне веры далей.
«Часам дастаткова канкрэтнага ўчынку»
Пасля ўрачыстай Імшы ксёндз Дзмітрый Чупрын яшчэ раз падзякаваў усім, хто дапамог зрабіць гэты дзень святам — без знешняй помпы, але з вялікай колькасцю людзей, якія ўклалі ў яго свае сілы: сястры Наталлі, якая рыхтавала святыню, парафіянам, што напярэдадні прыводзілі ў парадак тэрыторыю вакол касцёла, хору, які сваім спевам упрыгожыў літургію, і святарам, якія знайшлі час прыехаць у Ракаў.
— сказаў пробашч. Гэтыя словы добра пераклікаюцца з духам святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, успамін якой Касцёл адзначаў у дзень юбілею.

Завяршылася ўрачыстасць малітвай перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і спевам Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі.
120 гадоў — вялікі адрэзак часу для чалавечага жыцця. Але для ракаўскай святыні гэта яшчэ адзін этап яе гісторыі. Яе сцены бачылі розныя часы: малітву першых пакаленняў, войны, савецкае забыццё, краму і склад, вяртанне вернікаў, адраджэнне парафіі. Сёння ў яе сценах зноў гучыць малітва, спявае хор, збіраюцца сем’і і дзеці. І, магчыма, менавіта ў гэтым — галоўны адказ на пытанне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага пра тое, якая святыня з’яўляецца найпрыгажэйшай. Тая, у якой ёсць людзі.









