Урачыстасць святога Міхала Арханёла адзначылі ў Багданаве
- 30 верасня, 2026
- Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by
У суботу, 26 верасня, напярэдадні свята святога Міхала Арханёла, ў Багданаве (Валожынскі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць у гонар апекуна парафіі святога Арханёла Міхала.
Святую Імшу ўзначаліў дэкан Мінскага катэдральнага капітула святона Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай ксёндз канонік Антоній Клімантовіч.
На пачатку святой Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік Андрэй Яркавец прывітаў усіх сабраных вернікаў, а таксама прадстаўнікоў духавенства — ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча, пробашча парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (дэканат Мінск-Захад), ксяндза Юрыя Кузміча, пробашча парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Астраўцы (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), ксяндза каноніка Віталія Вайцяхоўскага, пробашча парафіі святога Арханёла Міхала ў Ашмянах (Гродзенская дыяцэзія, Ашмянскі дэканат), ксяндза вікарыя Рамана Вайцяховіча, ксяндза Валянціна Станкевіча з парафіі святога Юзафа ў Валожыне (Валожынскі дэканат, Мінска-Магілёўская дыяцэзія), ксяндза пробашча Юзафа Мельдзюка з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат), сястру Алену Дварэцкую, якая кіравала парафіяльным хорам, а таксама сабрала разам дзяцей. Шматлікія госці наведалі мясцовую парафію, каб падзяліць з тутэйшымі вернікамі іх радасць.
Падчас гаміліі ксёндз Юрый Кузміч разважаў над тэматыкай натуры святых арханёлаў, а таксама аб Божай любові, якая праяўляецца праз анёлаў. Ксёндз Юрый нагадаў, што Бог, перш чым стварыць чалавека і сусвет, стварыў Анёлаў, каб яны дапамагалі людзям.

Таксама святар нагадаў аб трагедыі, якая адбылася паміж анёламі. Анёл, які быў створаны першым, вельмі моцна заганарыўся і сказаў, што больш не будзе служыць, таму што палічыў сабе больш дасканалым за людзей. І гэтае слова «не» знішчыла Божы парадак. Але не парадак у сусвеце, але ў адносінах да любячага Бога. Тады і пачалася вайна паміж хорамі анёлаў, якія засталіся вернымі Богу і місіі, якую Ён ім даручыў, з тымі, хто сказаў Богу, што яны больш не будуць служыць.
Бог паказвае нам, наколькі страшны бывае грэх. Наколькі ён мае «ядавітую моц», калі мы Яго не слухаем.
Ксёндз Юрый, завяршаючы гамілію, падкрэсліў, што сённяшняя ўрачыстасць вяртае нас да Бога і паказвае, што калі мы будзем жыць дэвізам «Хто ж як Бог», усё магчыма пераадолець. Бог будзе нашымі рукамі аднаўляць нашае жыццё, і яно стане каляровым. Неабходна толькі прыйсці да Бога і перастаць лічыць, што мы разумнейшыя і мудрэйшыя за Яго.
Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і спяваная Літанія да святога Арханёла Міхала сталіся працягам супольнай малітвы. Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла, гімнам праслаўлення і пастырскім благаслаўленнем.





