Skip to main content

«Хто ж як Бог!» Адпустовая ўрачыстасць прайшла ў Гатаве

27 верасня
  • 28 верасня, 2026
  • Тэкст: Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by

У нядзедю 27 верасня, напярэдадні свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, парафія святога Арханёла Міхала ў Гатаве каля Мінска (дэканат Мінск-Усход) адзначыла свае імяніны. Святы Міхал з’яўляецца таксама апекуном Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала, да якой належыць пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Ашмянчук CSMA.

Урачыстасць распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, ружанцовай малітвай і Гадзінкамі да Святога Арханёла Міхала. Асаблівую святочную атмасферу стварылі дзеці, якія традыцыйна прыйшлі на ўрачыстасць у строях анёлаў.

Цэнтральнай падзеяй дня стала адпустовая святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім каля алтара маліліся восем святароў і шматлікія вернікі.

На пачатку Імшы арцыбіскуп нагадаў, што свята арханёлаў адкрывае перад чалавекам асаблівы свет — свет Божах стварэнняў, якія маюць розум і душу, але не маюць цела. Іх заданне — служыць Богу, праслаўляць Яго і выконваць Яго волю. У якасці прыкладу арцыбіскуп прыгадаў Арханёла Габрыэля, які прынёс Найсвяцейшай Панне Марыі вестку пра тое, што Бог выбраў яе стаць Маці Збаўцы.

Звяртаючыся да гатаўскай парафіяльнай супольнасці, арцыбіскуп павіншаваў яе з «імянінамі», а таксама ўсіх, хто носіць імёны Міхал і Міхаліна.

«І няхай добры Бог, заступніцтвам вашага апекуна, святога Арханёла Міхала, учыніць вас моцнымі верай»,

— пажадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на постаці святога Арханёла Міхала, імя якога перакладаецца як «Хто ж як Бог». Гэтыя словы маюць асаблівае значэнне і для самога арцыбіскупа: лацінскі выраз Quis ut Deus? стаў дэвізам яго біскупскага служэння.

Іерарх распавёў, што пасля прызначэння біскупам, калі паўстала пытанне пра выбар герба і дэвізу, ён спыніўся менавіта на словах святога Міхала. Для яго гэта не проста назва або прыгожы выраз, а пастаянны напамін пра тое, што Бог павінен займаць першае месца ў жыцці чалавека.

«Каб мы ўсе — я і ўсе іншыя, з кім сустракаюся, з кім разам молімся, — на першае месца ставілі Бога. Гэта вельмі важна ў наш час»,

— падкрэсліў ён.

Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама звярнуў увагу на прыклад старэйшых пакаленняў — бацькоў, дзядуляў і бабуль, якія ў часы пераследу Касцёла не адмовіліся ад Бога і захавалі веру.

Разважаючы пра святога Міхала, арцыпастыр гаварыў і пра барацьбу са злом. Ён нагадаў пра традыцыйнае хрысціянскае разуменне Арханёла Міхала як таго, хто супрацьстаіць сілам зла, і перанёс гэтую тэму ў штодзённае жыццё чалавека.

Сакрамэнт канфірмацыі ўмацоўвае ахрышчанага дарамі Духа Святога і заклікае яго да сталага хрысціянскага жыцця. Таму ў гаміліі арцыбіскуп асабліва падкрэсліў неабходнасць быць моцнымі ў веры і хрысціянскім сведчанні.

Яшчэ адной тэмай гаміліі стаў рэлятывізм — перакананне, што кожны чалавек можа мець сваю ўласную праўду. У супрацьвагу гэтаму арцыбіскуп нагадаў пра Хрыста як пра праўду і заклікаў вернікаў захоўваць вернасць Божай праўдзе.

Асаблівае месца ў святой Імшы заняў сакрамэнт канфірмацыі. У гэты дзень яго прынялі сем вернікаў. Кандыдаты загадзя рыхтаваліся да гэтага сакрамэнту: удзельнічалі ў слуханні Божага слова і супольнай малітве, а таксама прыступілі да сакрамэнту пакаяння. Такім чынам, прыняццю канфірмацыі папярэднічала не толькі неабходная падрыхтоўка, але і супольнае перажыванне веры.

Сакрамэнт канфірмацыі ўмацоўвае ахрышчанага дарамі Духа Святога і заклікае яго да сталага хрысціянскага жыцця. Таму ў гаміліі арцыбіскуп асабліва падкрэсліў неабходнасць быць моцнымі ў веры і хрысціянскім сведчанні.

Для семярых вернікаў, якія ў гэты дзень прынялі сакрамэнт, канфірмацыя стала адным з галоўных момантаў іх духоўнага шляху. А для ўсёй парафіяльнай супольнасці — нагодай разам маліцца за тых, хто робіць наступны крок у сваім хрысціянскім жыцці.

Пасля заканчэння святой Імшы вернікі не спяшаліся разыходзіцца. Святкаванне працягнулася за агульным сталом, дзе ўсіх чакалі кава, гарбата, цукеркі і печыва.

Так парафія святога Арханёла Міхала ў Гатаве адзначыла свае «імяніны» — малітоўна, урачыста і па-сямейнаму цёпла.