Біскуп Юрый Касабуцкі наведаў парафію святой Тройцы ў Клецку
- 25 верасня, 2026
- Тэкст: парафіяне з Клецка / Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by
20 верасня ў касцёле святой Тройцы ў Клецку адбылася асаблівая для парафіі падзея. У гэты дзень 22 верніка з мясцовай і суседняй парафіі Узвышэння святога Крыжа (вёска Нагорнае) атрымалі сакрамэнт хрысціянскай сталасці (канфірмацыі), які ім удзяліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Увогуле месяц верасень для парафіі святой Тройцы ў Клецку значны і асаблівы. Гэта і 30-годдзе адраджэння дзейнасці парафіі, і ўспамін мясцовых нябесных апекуноў, а менавіта, святога Зыгмунда Шчаснага–Фялінскага, благаслаўлёнай Марыі Стэлы, якіх штогод у верасні ўшаноўваюць і ўзгадваюць мясцовыя вернікі.

Музычнае суправаджэнне святой Імшы забяспечыў запрошаны парафіяльны хор парафіі Перамянення Пана з вёскі Новая Мыш (Пінская дыяцэзія, Навамышскі дэканат) на чале з кіраўніком спадаром Вячаславам.
У прамоўленай гаміліі біскуп Юрый растлумачыў прысутным вернікам сюжэт з Дзеяў Апосталаў аб дарах Духа Святога, аб радасці жыцця ў свеце праўды, аб Божай прысутнасці ў жыцці кожнага. Пан Бог дае кожнаму менавіта тыя Дары, якія кожнаму патрэбныя. Камусьці ласку вытрымкі ў цярпеннях, у цяжкасцях, камусьці ласку аздараўлення, кагосьці ўмацоўвае і прыносіць палёгку, а таксама суцяшае.
— сцвердзіў іерарх.

Напрыканцы святой Імшы вернікі падзякавалі біскупу Юрыю за тое, што ён завітаў да іх у парафію, за ўдзелены сакрамэнт канфірмацыі, за настаўленне і падбадзёрванне кожнага прысутнага.
Працягам святочнай праграмы стаў канцэрт хора з Новай Мышы, а таксама салодкі пачастунак, арганізаваны сіламі мясцовай парафіяльнай супольнасці.








