Skip to main content

«Сужэнскія сустрэчы» запрашаюць сем’і і духавенства на рэкалекцыі, якія пройдуць у кастрычніку пад Мінскам і ў Удзела

9-25 кастрычніка
  • 23 верасня, 2026
  • Catholicminsk.by

Рух «Сужэнскія сустрэчы» ужо больш за 20 гадоў актыўна праводзіць рэкалекцыі для сужонкаў і духоўных асобаў у Беларусі.  Праз дар дыялогу рух дапамагае парам і кансэкраваным асобам знаходзіць шляхі ўмацавання адносін, пераадольваць крызісы рознай ступені цяжкасці, аднаўляць эмацыйную блізкасць, цеплыню і ўзаемапаразуменне.

Калі апошні раз вы мелі час проста пабыць удваіх і пагаварыць пра вас і вашыя адносіны?

Не пра дзяцей, працу, пакупкі, планы і праблемы, якія трэба вырашыць. А пра тое, што сёння адбываецца паміж вамі. Што вы адчуваеце? Чаго вам не хапае? Што радуе? Што баліць? Пра што даўно хацелася сказаць адно аднаму, але ў штодзённай мітусні так і не знайшлося часу?

Рух «Сужэнскія сустрэчы» запрашае сужонкаў, духоўных і кансэкраваных асоб з усёй Беларусі на рэкалекцыі, якія адбудуцца з 9 па 11 кастрычніка у Сялібе Беззаганай у Удзела (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) і з 23 па 25 кастрычніка ў цэнтры Caritas пад Мінскам (вёска Ляскоўка каля Бараўлянаў).

Ужо амаль 20 гадоў аўтарская праграма «Сужэнскіх сустрэч» дапамагае сем’ям у Беларусі праз дыялог:

  • нанова пачуць і зразумець адно аднаго;
  • аднавіць блізкасць, давер і цеплыню ў адносінах;
  • па-новаму ўбачыць пачуцці і патрэбы мужа ці жонкі;
  • шукаць выйсце з крызісных сітуацый;
  • вяртаць радасць ад быцця разам;
  • умацоўваць добрыя адносіны і знаходзіць новыя магчымасці для іх развіцця;
  • вучыцца клапаціцца пра сваю любоў не толькі падчас рэкалекцый, але і ў звычайнай штодзённасці.

Гэта ўікенд прысвечаны вашым адносінам. У аснове праграмы — дыялог паміж мужам і жонкай. Дыялог, які будуецца на чатырох простых, але вельмі важных правілах.

На рэкалекцыі ад «Сужэнскіх сустрэч» прыязджаюць сем’і, якія перажываюць складаны перыяд (крызіс) і шукаюць магчымасць аднавіць страчаны кантакт.

Таксама прыязджаюць сужонкі, якія маюць добрыя адносіны і хочуць іх развіваць і берагчы; маладыя сем’і, якія хочуць з самага пачатку вучыцца размаўляць і слухаць адно аднаго, а таксама тыя, хто проста адчувае: нам вельмі патрэбны час для нас.

Падчас рэкалекцый не трэба расказваць пра свае адносіны іншым. Усё самае важнае адбываецца паміж мужам і жонкай.

І, напэўна, самае каштоўнае — дыялог не заканчваецца разам з рэкалекцыямі. Ён можа стаць часткай штодзённага жыцця сужонкаў, дапамагаючы ім чуць і разумець адно аднаго, пераадольваць цяжкасці, мірыцца і зноў знаходзіць агульны шлях.

На рэкалекцыі таксама запрашаюцца духоўныя і кансэкраваныя асобы. Для іх гэта магчымасць перажыць праграму ў дыялогу з Богам, паглыбіць адносіны з Ім, з самім сабой і з людзьмі, якіх Ён ставіць побач.

Вось што пра сямейны ўікенд гавораць тыя, хто яго ўжо перажыў:

  • Мы прыехалі ў момант, калі паміж намі ўжо назапасілася шмат крыўдаў і неразумення. Было адчуванне, што мы гаворым, але не чуем адно аднаго. На рэкалекцыях не здарылася цуду, які за тры дні вырашыў усе нашыя праблемы. Але здарылася нешта вельмі важнае: мы зноў пачалі размаўляць. Спакойна, шчыра, без жадання перамагчы. Упершыню за доўгі час я пачула не толькі словы мужа, але і тое, што за імі стаіць. Мы едзем дадому не з усімі адказамі, але з надзеяй і разуменнем, куды ісці далей разам.
  • Мы ехалі на рэкалекцыі без нейкіх вялікіх чаканняў. Здавалася, што ў нас усё добра: сям’я, дзеці, агульныя планы. Але за ўсімі справамі мы не заўважылі, як сталі менш размаўляць пра нас саміх. Гэтыя тры дні далі магчымасць спыніцца і зноў убачыць адно аднаго — не толькі як маму і тату, не толькі як людзей, якія разам вырашаюць штодзённыя справы, а як мужа і жонку, якія калісьці выбралі адно аднаго. Вяртаемся дадому з вялікай удзячнасцю і жаданнем берагчы гэтае «мы». А дыялог нам дапаможа ў гэтым.
  • Мы думалі, што «Сужэнскія сустрэчы» больш патрэбныя парам, у якіх ёсць сур’ёзныя праблемы. Аказалася, што нам важна клапаціцца і пра добрыя адносіны. Нам было вельмі каштоўна мець столькі часу толькі для сябе, гаварыць пра тое, на што дома заўсёды не хапае часу.Мы вяртаемся з адчуваннем, што нашыя адносіны — гэта сапраўды каштоўнасць, у якую хочацца ўкладваць час і сэрца. І маем рэальны інструмент для нашай штодзённасці.
  • Я ехаў сюды хутчэй дзеля жонкі. Думаў: у нас нармальная сям’я, навошта нам нейкія рэкалекцыі? А сёння разумею, колькі важных рэчаў пра яе я проста перастаў заўважаць. Я слухаў яе, але часта не чуў. Ведаў, што яна побач, але рэдка пытаўся, што яна адчувае. Для мяне гэтыя тры дні сталі магчымасцю па-новаму ўбачыць жанчыну, з якой я жыву ўжо шмат гадоў. І за гэта я вельмі ўдзячны. Рэкалекцыі заканчваюцца, а дыялог мы забіраем з сабой дадому. Хочам, каб ён стаў часткай нашага звычайнага жыцця, а не застаўся толькі прыгожым досведам аднаго ўікенда.
  • Мы прыехалі з вялікім багажом узаемных крыўдаў. Было страшна пачынаць некаторыя размовы, таму што дома яны амаль заўсёды заканчваліся спрэчкай. Тут упершыню за доўгі час мы змаглі гаварыць пра балючае і не пасварыцца. Не ўсё вырашана. Не ўсё даравана. Але сёння паміж намі зноў ёсць жаданне слухаць і ісці насустрач. Для нас гэта ўжо вельмі шмат.

Арганізацыйная інфармацыя

Мінск:

  • Пачатак рэкалекцый 23 кастрычніка ў 18.00 (пятніца).
  • Заканчэнне рэкалекцый 25 кастрычніка каля 15.00 (нядзеля).

Адрас: Мінскі р-н, в. Ляскоўка, вул. Карытас, 1 (каля Бараўлянаў).

Запіс па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44

Удзела:

  • Пачатак рэкалекцый 9 кастрычніка ў 18.00 (пятніца).
  • Заканчэнне рэкалекцый 11 кастрычніка каля 15.00 (нядзеля).

Адрас: Сяліба Беззаганнай, Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, аг. Удзела, вул. Савецкая, д. 52А.

Запіс па тэлефоне: +375 (29) 577-74-17

  • У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.
  • Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.

Нашыя сем’і нарадзіліся для таго, каб быць шчаслівымі. Запрашаем выкарыстаць гэтую магчымасць!