Skip to main content

30 гадоў служэння спевам: ў Ракаве адзначылі юбілей парафіяльнага хору

23 жніўня
  • 24 жніўня, 2026
  • Тэкст: Ірына Тытова / Фота: Вольга Магала // Catholicminsk.by


23 жніўня ў парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў аграгарадку Ракаў (Валожынскі дэканат) адбылася ўрачыстая святая Імша, прысвечаная 30-годдзю парафіяльнага хору. Гэта быў асаблівы дзень падзякі Богу за тры дзесяцігоддзі служэння, за людзей, якія прысвячалі свой час, а таксама за ўсіх, хто на працягу гэтых гадоў быў часткай парафіяльнай супольнасці.

Юбілейная літургія стала не толькі нагодай успомніць гісторыю хору, але, перадусім, магчымасцю разам узнесці да Бога малітву і падзяку. Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Як заўважыў арцыпастыр падчас сваёй гаміліі, трыццаць гадоў — значны шлях, праз які змяняліся пакаленні, абставіны, жыццё парафіі, але нязменным заставалася імкненне спяваць Богу і дапамагаць іншым людзям маліцца праз музыку і песню.

Парафіяльны хор — гэта не проста музычны калектыў, як адзначыў іерарх. Галоўнае прызначэнне хору — служэнне літургіі.

Праз спевы хор дапамагае вернікам глыбей перажываць Божую прысутнасць і уваходзіць у таямніцу святой Імшы.

«Касцёльныя спевы заўсёды займалі асаблівае месца ў жыцці Касцёла. Яны не з’яўляюцца толькі мастацкім аздабленнем літургіі. Спеў сам можа стаць малітвай — малітвай, якая нараджаецца з сэрца чалавека і ўзносіцца да Бога», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш. Святы Аўгустын казаў: «Хто спявае, той моліцца двойчы». Гэтыя словы вельмі дакладна раскрываюць сутнасць касцёльнага спеву. Калі чалавек спявае з верай, яго голас становіцца выразам душы. Словы малітвы злучаюцца з мелодыяй, а чалавечы голас становіцца інструментам, праз які супольнасць славіць свайго Творцу.

Касцёльны спеў дапамагае чалавеку не толькі пачуць словы, але і адчуць суцяшэнне ў хвіліны смутку, умацаваць надзею, адкрыць сэрца на Божае слова. Таму касцёльны спеў мае вялікую духоўную каштоўнасць.

Асабліва важна, што падчас літургіі спявае не толькі хор. Ён вядзе і падтрымлівае супольнасць, дапамагаючы ўсім вернікам далучыцца да агульнай малітвы.

Такім чынам, спеў становіцца мовай, якая яднае людзей у адзінства дзяцей Божых і мае здольнасць перадаваць веру ад аднаго пакалення да іншага. Тое, што калісьці спявалі бацькі і бабулі з дзядулямі, сёння могуць спяваць іх дзеці і ўнукі. Менавіта так захоўваецца духоўная памяць супольнасці.

За трыццаць гадоў парафіяльны хор у Ракаве стаў часткай гісторыі мясцовай парафіі. Яго спевы гучалі ў звычайныя нядзелі і вялікія ўрачыстасці, у радасныя і больш складаныя моманты жыцця ракаўскага касцёла. Хтосьці служыў у хоры доўгія гады, хтосьці далучыўся пазней, а хтосьці ўжо адышоў у вечнасць. Для многіх дзяцей і моладзі ўдзел у хоры стаў першым досведам служэння ў Касцёле, бо тут чалавек вучыцца не толькі музыцы, але і адказнасці, узаемадапамозе, уважлівасці да іншых і, найперш, разуменню таго, што атрыманы ад Бога талент можна выкарыстаць на карысць Яму і супольнасці.

Кожная рэпетыцыя, кожная літургія і нават кожная хвіліна, прысвечаная падрыхтоўцы да свята, стала часткай гэтага трыццацігадовага шляху. Таму гэты юбілей — не толькі свята сённяшняга складу хору. Гэта таксама памяць аб ўсіх, хто калісьці спяваў у парафіяльным хоры, дапамагаў яму развівацца і сваім служэннем умацоўваў жыццё ракаўскай парафіі.

Рэгент хора Лізавета Пятроўская адзначыла: «30-годдзе хору — гэта таксама нагода паглядзець у будучыню». Важна, каб традыцыя працягвалася, каб у парафіі з’яўляліся новыя галасы і новыя песні, якія будуць дапамагаць вернікам маліцца.

Урачыстасць 23 жніўня стала і днём падзякі, якая належыць усім, хто на працягу гэтых гадоў спяваў у хоры, рыхтаваў літургічныя спевы, кіраваў рэпетыцыямі, падтрымліваў удзельнікаў і дапамагаў хору заставацца жывой часткай ракаўскай парафіі. Падзяка таксама ўсім вернікам, якія сваім удзелам у літургіі робяць касцёльны спеў сапраўды супольнай малітвай, бо хор і парафія не могуць існаваць асобна адзін ад аднаго: іх аб’ядноўвае адна вера, адна малітва і адно жаданне славіць Бога.

Трыццаць гадоў — гэта прыгожая дата, але адначасова і пачатак новага этапу. Няхай юбілей стане для парафіяльнага хору ў Ракаве крыніцай новых сіл і натхнення!

Няхай і надалей у касцёле Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка гучыць хрысціянская песня — шчырая, прыгожая і напоўненая верай. Няхай яна дапамагае людзям адкрываць сэрцы на Бога, яднае парафіян і перадае веру наступным пакаленням.

Сапраўдны касцёльны спеў — гэта больш, чым мелодыя. Гэта малітва. Гэта сведчанне веры. Гэта голас супольнасці, якая разам узносіць сэрца да Бога. І калі, паводле слоў святога Аўгустына, той, хто спявае, моліцца двойчы, то трыццаць гадоў песні парафіяльнага хору ў Ракаве — гэта трыццаць гадоў малітвы, служэння і хвалы Богу. Няхай жа гэтая песня працягваецца!