Skip to main content

«Марыя як шлях да неба»: у Старых Дарогах адсвяткавалі Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі і першы юбілей касцёла

15 жніўня
  • 18 жніўня, 2026
  • Тэкст і фота: сястра Вікторыя Галуза // Catholicminsk.by


15 жніўня парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Старых Дарогах (Нясвіжскі дэканат) перажывала падвойнае свята — галоўны парафіяльны адпуст і пяцігоддзе кансэкрацыі касцёла. Віншаваў старадарожцаў біскуп Юрый Касабуцкі.

Сёлеташняя ўрачыстасць мае асаблівае значэнне не толькі для вернікаў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, але і для ўсіх жыхароў Старых Дарог, бо касцёл у стылі неабарока ў цэнтры горада — першы за ўсю гісторыю гэтых мясцін. Сёлета святыня адзначае сваё пяцігоддзе, і адсвяткаваць яго сабраліся вернікі як з самой парафіі, так і з наваколля.

Святую Імшу з нагоды ўрачыстасці ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Менавіта ён пяць гадоў таму, 15 жніўня 2021 года, асвяціў гэты касцёл пасля завяршэння будаўніцтва. Тады іерарх заўважыў, што святыня становіцца знакам Божай прысутнасці і асаблівым месцам Эўхарыстыі. Сённяшняе свята стала нагодай успомніць той момант і падзякаваць за развіццё парафіяльнай супольнасці.

Сваю гамілію біскуп Юрый Касабуцкі распачаў фрагментам з Пастырскага слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у якім арцыпастыр падкрэсліў:

«Марыя — гэта міласэрная Маці, якая раздае сваім дзецям усё, што мае, дзелячыся перадусім жыццём і любоўю Хрыста».

Таксама біскуп Юрый прыгадаў словы Папы Льва XIV пра Маці Божую: «Марыя, якую ўваскрослы Хрыстус узяў з Сабою да хвалы з целам і душою, яснее як ікона надзеі для сваіх дзяцей, пілігрымуючых праз усю гісторыю». Пантыфік заклікае вернікаў глядзець на Марыю як на ўвасабленне даверу да Божых абяцанняў і вучыцца ў Яе трываласці нават тады, калі шлях становіцца няпэўным. Падсумоўваючы сказанае, іерарх падкрэсліў:

«Мы, як пілігрымы надзеі, углядаемся ў Марыю на шляху да неба. Езус — брама да Божага Валадарства. Маці Божая, як матуля, ніколі не перастае нас любіць і заўсёды моліцца за нас».

Гэта асабліва важна ведаць моладзі, якой, як адзначыў іерарх, складана казаць пра веру ў свеце, поўным віртуальных рэальнасцяў. Сапраўдным сведчаннем веры з’яўляецца жыццё, што праяўляецца праз слова, усмешку і добры ўчынак.

Бог заклікае нас да любові, нагадаў біскуп, і Марыя з’яўляецца гэтаму найлепшым прыкладам, бо Яна не шукала славы, але служыла. «Быць святымі на тым месцы, дзе Бог нас паставіў — гэты просты, але глыбокі заклік і сёння гучыць як галоўны вынік урачыстасці», — дадаў іерарх. Папа Леў XIV вучыць, што сапраўдная прыгажосць чалавека — у тым, каб несці любоў, якая змяняе штодзённыя клопаты на маленькія «акенцы ў неба».

«Гэтая ўрачыстасць стала яскравым сведчаннем жывой веры парафіяльнай супольнасці, якая за пяць гадоў здолела вырасці ў сапраўдны духоўны дом для сваіх вернікаў»,

— падкрэсліў біскуп.

Іерарх не спыняецца паўтараць, што святасць не патрабуе вялікіх учынкаў — дастаткова кожны дзень з любоўю выконваць свае абавязкі і быць адкрытым на Бога і бліжняга. «Няхай заступніцтва Маці Божай, якая была верная да канца і цяпер ззяе ў нябеснай славе, падтрымлівае ўсіх пілігрымаў надзеі на іх жыццёвым шляху да вечнасці», — сказаў на заканчэнне сваёй прамовы біскуп Юрый Касабуцкі.

Святая Імша працягнулася малітвай вернікаў і працэсіяй з дарамі: згодна з традыцыяй урачыстасці гэта былі кветкі як сведкі прыгажосці свету і кошык з садавінай як сімвал плёну зямлі.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, напрыканцы якой удзельнікі атрымалі ад біскупа Юрыя Касабуцкага благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вернікі таксама мелі магчымасць асвяціць прынесеныя з сабой гародніну і кветкі з нагоды свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.