Зварот да моладзі арцыбіскупа Станеўскага з нагоды Сусветнага дня моладзі
- 13 жніўня, 2026
- Фота: upload.wikimedia.org // Catholicminsk.by
З нагоды Сусветнага дня моладзі, якім ў 1999 годзе Генеральная асамблея ААН абвясціла дзень 12 жніўня, Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе да маладых вернікаў Беларусі адмысловы зварот.
Любая моладзь!
Віншую вас з Сусветным днём моладзі!
Шаноўныя сябры і сяброўкі!
Шмат ужо разоў мы разважалі аб вашым выключным пакліканні і заданні — быць маладым! Грамадства называе вас «надзеяй і будучыняй свету», і гэта дакладна так. Аднак, быць маладым добра і адказна: дзеці імкнуцца да «стану маладосці», старэйшыя з задавальненнем у думках вяртаюцца да «сваіх маладых гадоў».
Маладосць — гэта штосьці незвычайнае, непаўторнае! Мабыць, таму «планка маладосці» з кожным пакаленнем узнімаецца ўсё вышэй: раней маладымі лічыліся людзі да 35 гадоў, сёння кажуць, што толькі ў 45 пачынаецца сталы ўзрост чалавека. А папа Францішак у свой час казаў: Той, хто дазваляе Хрысту дакрануцца свайго сэрца, становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста, Які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету. Адсюль мы кажам ў Касцёле пра маладосць духа!
Гаворачы пра тое, што Касцёл і дзяржава — гэта сям’я сем’яў, мы сцвярджаем, што у нашай вялікай сям’і ўсе маюць сваё месца і пакліканне. Для распазнання паклікання, шляху жыцця, якое з’яўляецца атрыманым ад Бога і бацькоў дарам, для адкрыцця намі ўсіх нашых здольнасцяў, Касцёл і міжнароднае грамадства арганізоўваюць тзв. Дні моладзі.
Каталіцкі Касцёл ладзіць Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць з 3 па 8 жніўня 2027 года ў сталіцы Паўднёвай Карэі — Сеуле. 28 ліпеня 2024 года ў катэдральным касцёле Мёндан у Сеуле прайшло ўрачыстае мерапрыемства па запуску моладзевага форума Сусветных дзён моладзі 2027 года. (Аб запісе на ўдзел звяртайцеся да душпастыраў і сачыце за інфармацыяй на партале catholic.by — рэд.).
У падзеі прыняло ўдзел больш за тысячу чалавек. Прысутнічалі сакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця Глейсан Дэ Паўла Соўза, дыпламаты васьмі дзяржаў і прадстаўнікі карэйскага ўрада. Цырымонія пачалася з параду сцягоў, падчас якога маладыя карэйцы і ўдзельнікі з розных краін свету ўнеслі ў касцёл 193 сцяга. Гэта сведчыць аб тым, што ўсе маюць права на супольнае прабыванне разам на малітве.

Паводле ацэнак касцёльных уладаў і аргкамітэта, заключная Імша можа сабраць нават адзін мільён ўдзельнікаў.
У Беларусі штогод у апошнюю нядзелю чэрвеня адзначаецца Дзень моладзі і студэнцтва — свята творчасці і натхнення, энергіі і запалу, спазнання і самасцвярджэння, кахання і рамантыкі.
У адпаведнасці з рашэннем Савета кіраўнікоў урадаў Саюза Незалежных Дзяржаў (СНД), сталіца Беларусі атрымала статус «Моладзевая сталіца СНД» на 2027 год. Гэтае рашэнне адкрывае для Мінска дадатковыя магчымасці для рэалізацыі маштабных ініцыятыў, накіраваных на падтрымку таленавітай моладзі, прасоўванне інавацый і пашырэнне міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. На працягу 2027 года Мінск стане цэнтрам прыцягнення для студэнтаў, маладых вучоных і грамадскіх дзеячаў дзяржаў СНД.
Праграма года будзе насычана міждзяржаўнымі падзеямі, накіраванымі на ўзгадненне моладзевага парадку дня і фарміраванне партфеля праектаў.
Падрабязная праграма і ўмовы ўдзелу ў мерапрыемствах «Моладзевай сталіцы СНД — 2027» будуць апублікаваны на афіцыйных інфармацыйных рэсурсах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Любая моладзь! Сёння, мяркую, у вас ёсць усе ўмовы для таго, каб кожны мог спаўна рэалізаваць сваё пакліканне дабіцца творчых вышынь, пабудаваць кар’еру.
Ці запланавалі вы свой удзел у гэтых мерапрыемствах, створаных дзеля вас?
Увага! Патрэбная адвага!
Як казаў святы папа Ян Павел ІІ: з кім ты маеш зносіны, тым ты і становішся.
З нагоды Міжнароднага дня моладзі жадаю вам усім прынамсі душой не старэць.
Разам з вамі малады духам
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі