Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Cустрэча валанцёраў Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў стаўбцоўскай парафіі святога Казіміра

З 7 па 9 жніўня
  • 11 жніўня, 2026
  • Тэкст: Ганна Бычынская / Фота: Ганна Бычынская, Ірыны Фаміной // Catholicminsk.by

З 7 па 9 жніўня ў стаўбцоўскай парафіі святога Казіміра праходзіла ІV Летняя сустрэча валанцёраў Caritas, на якой сабраліся валанцёры з Будслава, Маладзечна, Нясвіжа, Капыля і Мінска.

Даволі часта каардынатар парафіяльных суполак Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Ірына Фаміна збірае валанцёраў на сустрэчы-трэнінгі, канферэнцыі, рэкалекцыі ў Ляскоўцы, запрашаючы на іх розных спецыялістаў. Гэта дапамагае валанцёрам знайсці адказы на важныя пытанні, падмацаваць духоўныя сілы, а таксама абмяняцца вопытам.

Летняя сустрэча валанцёраў гэта іншы фармат стасункаў паміж людзьмі, якія дзеляцца сваёй любоўю і міласэрнасцю з тымі, хто апынуўся ў цяжкім становішчы.

У праграме сёлетняга спаткання валанцёраў была святая Імша, гісторыя касцёла ад ксяндза Ігара Лашука, аповед кожнага пра сябе, адказ на цікавыя і часам смешныя пытанні, канферэнцыя сястры Валерыі Пацукевіч. Пазнавальна, цікава, весела. Акрамя гэтага, госці пабывалі на экскурсіі ў Акінчыцах на радзіме Якуба Коласа, у музейным пакоі, у адноўленым кінатэатры, а таксама на месцы старога касцёла, дзе цяпер вядзецца адбудоўванне капліцы святога Дамініка, у якой калісьці спачываў айцец Фабіян. Агульныя сняданкі, абеды і вячэры, песні пад гітару і спевы, конкурсы, танцы і шашлыкі на свежым паветры, на дачы валанцёркі Caritas Феліцыі Шымак.

Вядома, напярэдадні стаўбчане рыхтаваліся да сустрэчы, хваляваліся, некалькі разоў абмяркоўвалі праграму і пасілак нямала гасцей прыбыло ў стаўбцоўскую парафію. І вось усё адбылося, госці раз’ехаліся. Але цёплыя водгукі, якія пакінулі ўдзельнікі, кажуць аб тым, што ўсё прайшло цудоўна.

Напрыклад, водгук Марыі Струк, якая правяла з валанцёрамі толькі адзін дзень, але яе актыўнасць і абаяльнасць, напэўна, адгукнуліся дабром у сэрцах многіх: «Дарагія валанцёры, Ірына, сястра Валерыя, брат Анатоль і ксёндз Ігар, вялікі ўсім дзякуй за дзень з вамі! Гэта было так душэўна, па-добраму і з любоўю».

Канферэнцыя сястры Валерыі Пацукевіч, як заўсёды, уразіла сваёй глыбінёй і сардэчнасцю. А чаго варты спеў пад гітару! Як, між іншым, і яе водгук: «Дарагія, ад усяго сэрца хачу сказаць вам вялікі дзякуй за ваша служэнне. Кожная такая сустрэча напаўняе душу святлом і натхненнем. Я бязмерна ўдзячная за тое, што магу быць хоць крыху датычная да вашага служэння і магу шмат чаму навучыцца. Дзякуй за тую шчырасць і душэўную цеплыню, якімі вы атачаеце кожнага. Няхай Бог шчодра ўзнагародзіць вас за вашу працу, адорыць сваімі блаславеннямі і новымі яркімі ідэямі. Вы цудоўныя!»

Ірына Шпакоўская ад імя стаўбцоўскіх валанцёраў падзякавала ўсім, хто змог прыехаць у Стоўбцы: «Мы чакалі гэтай сустрэчы, рыхтаваліся, перажывалі. А яна прайшла вельмі хутка, гэтыя дні праляцелі як адно імгненне. Сёння, калі ўсе раз’ехаліся, нам стала нават сумна, як быццам мы развіталіся з роднымі. Асабліва дзякуем брату Анатолю і сястры Валерыі, што змаглі ўвесь гэты час быць з намі, а таксама нашай «зажыгалачцы» Ірыне Фаміной за яе каардынацыйную дзейнасць і падтрымку. Шчыра ўдзячны ўсім за пачастункі і ахвяраванні, і асабліва за час, ахвяраваны вамі на гэтую сустрэчу. Такія сустрэчы дазваляюць нам усім бліжэй пазнаёміцца, падзяліцца ідэямі і вопытам, натхняюць на новыя справы. Няхай Пан Бог шчодра адорвае ўсіх сваімі ласкамі і будзе падтрымкаю ў кожнай справе!»

Натхняльніца такіх сустрэч Ірына Фаміна падвяла вынік: «Дарагія! Вось і завяршыліся нашы выхадныя ў Стоўбцах. Сэрцы перапоўнены радасцю і ўдзячнасцю за кожнае імгненне, якое мы правялі разам. Гэтыя тры дні сталі для нас сапраўдным святам адпачынку, клопату, душэўнага цяпла і шчырага сяброўства. Ад усяго сэрца хочацца выказаць словы глыбокай удзячнасці пробашчу парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах ксяндзу Ігару Лашуку, а таксама ксяндзу Кірылу Бардонаву за пастырскую падтрымку, сумесную малітву. Дзякуем брату Анатолю Ярошку за душэўныя размовы, клопат і благаслаўленне, якія ўмацавалі нашы душы і суправаджалі нас кожную хвіліну падчас гэтай сустрэчы. Шчыра дзякуем сястры Валерыі за глыбокую і вельмі кранальную канферэнцыю пра Міласэрнага Айца. Вашы словы дапамаглі пачуць нанова пра бязмежную і міласэрную Божую любоў. Валанцёрам са Стоўбцаў мы ўдзячны за неверагодную гасціннасць, адкрытасць і шчырасць! Вы стварылі для нас прастору, дзе кожны адчуў сябе як дома. Асобны дзякуй за кранальныя і вельмі цікавыя экскурсіі, якія пакінулі найлепшыя ўспаміны. Усім нашым дарагім валанцёрам дзякую за сустрэчу, за шчырыя і глыбокія размовы па душах, за ваша цяпло і адкрытасць. А нашы сумесныя вечары са спевамі, танцамі і вясёлымі конкурсамі падарылі многа радасці і смеху. Думаю, што гэтага зараду натхнення нам хопіць яшчэ вельмі надоўга. Няхай Пан Бог шчодра адудзячыць кожнаму з вас за вашу працу, адкрытасць, а тое святло, тая іскра, што гараць у вас, няхай распаўсюджваюцца па свеце. Вы — сапраўднае сэрца нашага Caritas. Дзякуй, што вы ёсць. Беражыце сябе і да новых доўгачаканых сустрэч!»

А на памяць аб сустрэчы ў Стоўбцах кожны валанцёр атрымаў сімвал Беларусі васілёк, з любоўю выкананы нашай майстрыхай Феліцыяй Шымак, і паштоўку з выявай стаўбцоўскага касцёла.