Пілігрымка, якая стала гісторыяй: святая Імша ўпершыню перакладалася на беларускую жэставую мову
- 7 ліпеня, 2026
- Тэкст і фота: Юрый Стэльмах // Catholicminsk.by
4 ліпеня ў Будславе адбылося тое, што многія ўдзельнікі назвалі «момантам надзеі і ўвагі». Група глухіх вернікаў і вернікаў са слабым слыхам з Мінска здзейсніла пілігрымку да абраза Маці Божай Будслаўскай.
Але галоўнай навіной дня стала тое, што ўпершыню за 35 гадоў існавання фэсту святая Імша суправаджалась перакладам на беларускую жэставую мову, што дазволіла вернікам з парушэннямі слыху паўнавартасна ўдзельнічаць у літургіі.
Гэта не проста тэхнічная навіна — гэта крок да больш інклюзіўнага Касцёла, дзе кожны чалавек можа ўдзельнічаць у літургіі не толькі прысутнасцю, але і разуменнем, малітвай, унутраным перажываннем.
Для людзей з парушэннямі слыху ўдзел у Імшы часта абмяжоўваецца толькі візуальным назіраннем. Яны бачаць абрады, рухі, працэсію, але не могуць пачуць слова Божае, якое з’яўляецца цэнтрам хрысціянскага жыцця.
Асабліва важнай з’яўляецца дакладнасць перакладу, бо літургічныя тэксты, малітвы і гаміліі патрабуюць уважлівага і прафесійнага перакладу. Менавіта таму прысутнасць перакладчыка стала ключавым момантам гэтай падзеі.

Вернікі выказалі шчырую падзяку арганізатарам фестывалю — за гасціннасць і спецыяльна выдзеленыя месцы свайму душпастыру ксяндзу Яну Кузюку — за пастырскую апеку і падтрымку, перакладчыку Юрыю Стэльмаху — за прафесійны і дакладны пераклад падчас усяго дня.
Будслаўскі фэст 2026 года стаў сведчаннем таго, што Касцёл у Беларусі імкнецца быць домам для ўсіх.
Гэтая падзея стала не толькі радасцю для ўдзельнікаў, але і натхненнем для ўсёй супольнасці, якая бачыць, як вера становіцца больш даступнай, а Касцёл больш блізкім.