Skip to main content

Каталіцкая моладзь з Мар’інай Горкі ўшанавала памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

22 чэрвеня
  • 23 чэрвеня, 2026
  • Тэкст: Ангеліна Болбат, Пухавіцкія навіны / Фота: Генадзь Ярмаліцкі // Catholicminsk.by

22 чэрвеня група моладзі з парафіі святога Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы удзельнічала у раённых мерапрыемствах прысвечаных Дню усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народу.

Мітынг-рэквіем распачаўся ў 12.00 пры мемарыяле воінам-танкістам 8 гвардзейскага корпуса.

Пасля ускладання кветак і «Агульнабеларускай хвіліны памяці» вырушыў аўтапрабег па Пухавіцкім раёне. Траса аўтапрабегу праходзіла па месцах спаленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі вёсак. Асноўная частка удзельнікаў з мар’інагорскай парафіі — гэта члены ваенна-патрыятычнага клуба «Чорны Ліс». Агульная адлегласць, якую праехалі удзельнікі дзяржаўнай акцыі, складае каля 115 кіламетраў.

Апошнім пунктам падарожжа быў аграгарадок Гарэлец, дзе, падобна як і ў іншых месцах, удзельнікі аўтапрабегу запальвалі знічы і маліліся пры брацкай магіле воінаў і удзельнікаў антыфашысцкага супраціўлення.

Адметнай гістарычнай рысай мясцовасці Гарэлец з’яўляецца тое, што 7 лістапада 1942 года, у гонар 25-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, партызаны 2-й Мінскай партызанскай брыгады і мясцовыя жыхары пад носам акупантаў правялі тут паўнавартасны парад, у якім удзельнічала каля 1200 чалавек. Гэта адзіны у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны паўнавартасны ваенны парад на глыбока акупаванай тэрыторыі.

У гэтай мясцовасці ёсць музей «Партызанская слава», які гасцінна адчыніў дзверы для удзельнікаў аўтапрабегу.

Напрыканцы мерапрыемства маладыя вернікі, падобна як і усе іншыя удзельнікі, падсілкаваліся салдацкай кашай і гарбатай.