ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ. «Няхай замоўкнуць словы, а прамовяць учынкі». Парафіяльны фэст святога Антонія Магілёўскага
- 15 чэрвеня, 2026
- Тэкст: Магдалена Лаеўская / Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by
Культ святога Антонія над Дняпром — з’ява старадаўняя, добра вядомая і неаднаразова апісаная гісторыкамі, храністамі ды пісьменнікамі. Яго вытокі сягаюць XVII стагоддзя, калі бэрнардыны заснавалі ў Магілёве свой касцёл.
Больш за сто гадоў таму Фрыдэрык Юзафат Жыскар пісаў пра гэтае месца так:
Гэты культ не аслаб нават у тыя часы, калі ў Магілёве не дзейнічаў ніводзін каталіцкі храм, а вернікі мусілі збірацца на могілках. Паводле звестак гісторыкаў, у 1955 годзе на такія малітвы пад голым небам сабралася каля 2000 вернікаў!

З сённяшняй перспектывы трэба прызнаць, што малітвы продкаў былі пачутыя, а ўмовы культу змяніліся кардынальна. 13 чэрвеня 2026 года ў новапабудаваны, прыгожы і дагледжаны касцёл святога Антонія ў Магілёве прыбылі шматлікія святары, манаскія сёстры і свецкія вернікі з усяго горада і ваколіц. Святую Імшу цэлебраваў магілёўскі дэкан ксёндз Андрэй Кеўліч, а гамілію прамовіў ксёндз канонік Андрэй Далянскі.
На пачатку прапаведнік звярнуў увагу на выключнае супадзенне абставінаў — сёлетняя парафіяльная ўрачыстасць прыпала акурат на дзень успаміну Беззаганнага Сэрца Марыі, якая з’яўляецца галоўнай апякункай айцоў кларэтынаў. А менавіта ім — айцам кларэтынам Ежы Вежхоўскаму і Віталію Чабатару — магілёўцы дзякуюць за вялікую справу адраджэння сваёй святыні.
У наступнай частцы гаміліі ксёндз канонік падкрэсліў, што святы Антоній — адзін з самых «працавітых» святых у небе. Да яго звяртаюцца не толькі людзі, якія шукаюць згубленыя рэчы. Да яго спяшаюцца вернікі розных канфесій і рознага ўзросту: сужэнствы, нарачоныя, убогія, падарожныя, акушэркі і ўсе тыя, хто адчувае сябе ў жыцці разгубленым. А хто з нас хоць раз у сваім жыцці не адчуваў сябе разгубленым?

На заканчэнне гаміліі ксёндз канонік нагадаў славутыя словы самога святога Антонія, які вучыў:
Гэтая сентэнцыя прагучала надзвычай сімвалічна ў кантэксце сёлетніх зменаў у святыні, якія з’яўляюцца плёнам канкрэтных чалавечых учынкаў і глыбокай веры.
Сёлета святкаванне мела выключны, нават гістарычны характар дзякуючы новым алтарам і адначасовай прысутнасці двух незвычайных абразоў апекуна. У галоўным алтары цяпер дамінуе вялікі, сучасны абраз святога Антонія. Акурат пад ім змясцілі малы абраз XVIII стагоддзя — сведку найбольш цяжкіх гадоў для тутэйшага Касцёла. Яго прынеслі самі вернікі, якія ў часы камунізму захоўвалі яго на гарышчы. Сёння цяжка адназначна сказаць, ці гэта ацалелы арыгінал, ці дасканалая копія. Напэўна, гэта не так і важна, бо толькі мы самі, адкрываючы сэрцы перад Богам і просячы аб заступніцтве святога Антонія, можам па-сапраўдному спазнаць яго аўтэнтычную, духоўную моц.

Пасля святой Імшы мы разам прамовілі Літанію да святога Антонія, а затым рушылі ў працэсіі вакол касцёла, пасля якой кожны з вернікаў мог ушанаваць рэліквіі апекуна. Пасля завяршэння малітваў пачалася неафіцыйная частка святкавання — час радаснага пачастунку, цёплых размоў, танцаў і супольнай забавы.

Святы Антоні Магілёўскі, наш старадаўні апякун, дзякуем Табе і просім: заступайся за нас перад Богам, каб мы не толькі раз на год абуджаліся ад духоўнага сну, але кожны дзень ахвотна славілі Стварыцеля — як мовай, так і ўчынкам.













Магдалена Лаеўская
Літаратура:
- F. J. Żyskar: Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 1: Archidjecezja mohylowska. Zeszyt 3: Dziekanat mohylowski, Warszawa – Petersburg 1913, s. 42.
- Н. Прачакова: Стан рымска-каталіцкага касцёла ў г. Магілёве ў пасляваенны час (40–60-я гады), в: Мінулая і сучасная гісторыя Магілёва, Магілёў 2001, с. 320.