Skip to main content

У Ляскоўцы прайшла інтэграцыйная сустрэча моладзі на заканчэнне навучальнага года

6 чэрвеня
  • 10 чэрвеня, 2026
  • Тэкст: Ірэна Ахрамовіч / Фота: Анастасія Кавалёнак // Catholicminsk.by

6 чэрвеня адбылася традыцыйная моладзевая інтэграцыйная сустрэча на заканчэнне навучальнага года, якая сабрала каля 45 удзельнікаў. Яна стала выдатнай магчымасцю для юнакоў і дзяўчат падвесці вынікі навучальнага года, адпачыць і духоўна ўзбагаціцца перад летнімі канікуламі.

Сустрэчу распачаў ксёндз Андрэй Бурак, адказны за душпастырства моладзі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сваю ўступную малітву ён прысвяціў евангельскаму сюжэту пра пяць хлябоў і дзве рыбы, прапанаваўшы паразважаць над плёнамі гэтага года.

Пасля вясёлых гульняў і танцаў моладзь чакала адмысловая вячэра. Спасылаючыся на словы Хрыста: «Загадайце ім сесці групамі» (Лк 9, 14), удзельнікі, падобна як апосталы і людзі ў Бібліі, размясціліся на полі. Падчас гэтай супольнай вячэры юнакі і дзяўчаты знаёміліся, разважалі над урыўкам з Евангелля паводле Лукі і над тым, як кожны чалавек можа памножыць свае дары дзеля служэння Богу. Вынікам працы стала стварэнне і прэзентацыя евангелізацыйных пасланняў да сучаснай моладзі.

Прыемным момантам сустрэчы стала раздача «12 поўных кашоў». Маладыя людзі адказвалі на пытанні, выконвалі заданні і радаваліся адзін за аднаго.

Супольнай малітвай і спевам «Каралева супакою», прысвечаным Маці Божай, моладзь завяршыла гэты вечар. Падчас малітвы прысутныя падзякавалі за перажыты год і папрасілі благаслаўлення на час сесіі і летняга адпачынку.