Skip to main content

Міласэрнасць у дзеянні: валанцёры «Карытас» падарылі свята дзецям у Магілёве і Расне

17 мая
  • 22 мая, 2026
  • Тэкст: Вольга Мышкоўская / Фота: Кацярына Кобель // Catholicminsk.by

17 мая валанцёры «Карытас» архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску правялі асаблівыя дабрачынныя сустрэчы, напоўненыя дзіцячымі ўсмешкамі, цеплынёй і клопатам, з выхаванцамі дома дзіцяці ў Магілёве і школы-інтэрната ў Расне. Сапраўдным сюрпрызам для ўсіх стала вялікая роставая лялька Міньён, якая суправаджала валанцёраў у абедзвюх паездках і дарыла дзецям святочны настрой.

Клопат пра самых маленькіх у Магілёве

Першым пунктам маршруту стаў Магілёўскі спецыялізаваны дом дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы. 

Валанцёры «Карытас» перадалі ўстанове неабходыя сродкі гігіены і новы дзіцячы манеж.

Але самым галоўным падарункам для малых стала ўвага. Вясёлы Міньён і валанцёры арганізавалі забаўляльную праграму: зладзілі шоу мыльных бурбалак, падарылі фігурныя цацкі з паветраных шарыкаў і проста пагулялі з дзецьмі, падарыўшы ім хвіліны шчырай радасці.

Цёплая сустрэча са старымі сябрамі ў Расне

У гэты ж дзень каманда «Карытас» ужо ў чацвёрты раз наведала выхаванцаў школы-інтэрната ў Расне. Дзеці сустракалі гасцей як блізкіх людзей, а з’яўленне яркага і любімага персанажа Міньёна выклікала ў іх радасць і захапленне.

Надвор’е спрыяла святу. На сонечнай палянцы прама на тэрыторыі інтэрната дзеці з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў рухомых гульнях, вясёлых конкурсах і танцах разам з Міньёнам і валанцёрамі.

Напрыканцы сустрэчы кожнае дзіця атрымала салодкі падарунак.

Гэтыя паездкі і прывезеная дапамога сталі магчымымі толькі дзякуючы агульнай падтрымцы. Каманда валанцёраў шчыра дзякуе парафіянам катэдры, якія падтрымліваюць праекты «Карытас» сваімі ахвяраваннямі.