Skip to main content

Мітрапаліт Юзаф Станеўскі выказаў спачуванні прэс-сакратару Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзу каноніку Юрыю Санько ў сувязі з адыходам у вечнасць маці Ліліі

28 красавіка
  • 28 красавіка, 2026
  • Catholicminsk.by

Глыбокапаважаны
ксёндз канонік Юрый Санько

Родныя і блізкія
спачылай святой памяці
Ліліі Санько

Мае дарагія,

з вялікім смуткам мы прынялі навіну аб тым, што сёння, 28 красавіка, на 75-м годзе зямнога жыцця адышла ў вечнасць Лілія Санько, маці ксяндза каноніка Юрыя Санько, ваша родная, знаёмая, блізкая вам асоба.

Ад свайго імя, а таксама ад імя біскупаў, духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выказваю словы спачування ўсім, каго гэта смерць закранула.

Сёння, калі ўвесь народ Божы перажывае Велікодны перыяд, напоўнены радасцю Уваскрасення Хрыста і надзеяй на наша ўваскрасенне да вечнай славы, няхай суцяшэннем у болі зямнога расставання і ўмацаваннем у надзеі на сустрэчу са спачылай у вечнасці будуць наступныя словы, узятыя са Святога Пісання:

«Я — святло свету, — кажа Пан, — хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12).

«Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі» (Ян 11, 25-26).

«Душы справядлівых у руках Бога і не дакранецца да іх ніякая пакута. (…) Здавалася, што яны памерлі, а іх смерць лічылася няшчасцем, іх адыход ад нас лічыўся знішчэннем, а яны спачываюць у спакоі. (…) Іх надзея поўная несмяротнасці. (…) Яны атрымаюць вялікія даброты, таму што Бог выпрабаваў іх і прызнаў годнымі сябе. Выпрабаваў іх, як золата ў печы, і прыняў іх, як ахвяру ўсеспалення. Хто спадзяецца на Яго, той зразумее праўду, а верныя будуць трываць пры Ім ў любові, бо ласка і міласэрнасць будзе для Яго выбраных» (Мдр 3, 1–6. 9).

Молімся, мае дарагія, каб усё зямное жыццё і хрысціянскае служэнне спачылай Ліліі паспрыялі яе сустрэчы з Творцам у Валадарстве Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцы.

Вечны адпачынак дай ёй, Пане…

З малітвай за спачылую

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі