У Копішчы памаліліся за ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС
- 28 красавіка, 2026
- Тэкст: Вераніка Раманенкава / Фота: Анастасія Толкач, Алёна Грынкевіч, брат Алег Шэнда OFMCap // Catholicminsk.by
26 красавіка 2026 года ў парафіі святога Францішка ў вёсцы Копішча Мінскага раёна з удзелам дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага адбыліся спецыяльныя набажэнствы, прысвечаныя ахвярам аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Вернікі парафіі святога Францішка на чале з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім і братам Алегам Шэндам OFMCap, вышэйшым настаяцелем Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, якія апякуюцца парафіяй, памаліліся на Імшы за ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У сваёй прамове біскуп Юрый прыгадаў падзеі ўжо далёкага, але ўсё яшчэ памятнага для многіх 1986 года, калі адбылася Чарнобыльская трагедыя. Знешне жыццё на той момант ніяк не змянілася, але нябачныя наступствы зласлівай радыяцыі ахапілі велізарныя тэрыторыі, знішчаючы здароўе і лёсы сотняў тысяч людзей.

Пасля святой Імшы ў памяць тых, хто загінуў падчас ліквідацыі або ад наступстваў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, парафіяльны хор «Transitus» выканаў «Рэквіем» слыннага беларускага кампазітара эпохі класіцызму Восіпа Казлоўскага. Скляпенні святыні запоўніліся пранікнёнымі гукамі аргана, хора і салістаў.

«Старажытны чалавек з сякерай у руках нёс невялікую пагрозу свету. Цяперашні чалавек разам з сучаснымі дасягненнямі ці нават выпрацаваныя тэхналогіі самастойна, нават без удзелу чалавека, нясуць бясспрэчную палёгку і дапамогу, але адначасова яны могуць быць вялізнай пагрозай або нават знішчальнікам.
— заўважыў брат Алег Шэнда OFMCap у сваёй прамове падчас канцэрту.






