Skip to main content

У Мінску з удзелам Мітрапаліта прайшло ўдзяленне кандыдатам паслугі лектарату

26 красавіка
  • 28 красавіка, 2026
  • Тэкст: кс. Аляксандр Шыманскі / Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by

26 красавіка, у нядзелю Добрага Пастыра, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося ўдзяленне паслугі лектрату.

Дзякуючы сакрамэнту святога Хросту ўсе вернікі ўдзельнічаюць у святарскай, прароцкай і каралеўскай місіі Хрыста, які пастаянна жыве і дзейнічае ў Касцеле моцай Духа Святога. У ім яны атрымліваюць сакрамэнтальны характар, «які асвячае іх для ўдзелу ў хрысціянскім рэлігійным кульце», гэта значыць, «ён дазваляе і абавязвае хрысціян служыць Богу праз жывы ўдзел у святой літургіі Касцела». Такім чынам, свецкія вернікі таксама могуць выконваць у супольнасці абавязкі і служэнні, прадугледжаныя правам. Сярод іх асаблівае месца займае служэнне лектарату.

Святы папа Павел VI рэкамендаваў, каб да гэтага служэння былі пакліканы не толькі кандыдаты да сакрамэнту святарства, але і мужчыны, якія жывуць у свеце. Кодэкс кананічнага права ў каноне 230 § 1 сцвярджае:

«Свецкія вернікі, якія маюць узрост і якасці, устаноўленыя дэкрэтам канферэнцыі біскупаў, могуць быць пастаянна дапушчаны, паводле прадпісанага літургічнага абраду, да служэння лектара».

Таму, згодна з традыцыяй Касцёла, на святой Імшы а 13-й гадзіне 17 мужчын з Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку, прынялі вышэйузгаданую паслугу з рук арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, які ўзначаліў святую цэлебрацыю.

У сваей гаміліі іерарх сказаў, што кожны год IV Велікодная нядзеля з’яўляецца для нас асаблівым днём — днём Добрага Пастыра. У гэты дзень Касцёл ва ўсім свеце ўзносіць малітвы аб новых пакліканнях, просячы Пана, каб Ён дакрануўся да маладых сэрцаў і запаліў у іх жаданне служыць Яму і людзям. Гэтая малітва — наш давер Богу, які ніколі не пакідае свайго статку.

Арцыпастыр падзякаваў мужчынам за іх жаданне служыць у Касцёле і за тое, што яны адказалі «так» на заклік Пана. Ён выказаў пажаданне, каб на гэтым іх далейшае развіцце адносінаў з Богам не спынялася.

Напрыканцы Эўхарыстыі тыя парафіі архідыяцэзіі, якія прынялі непасрэдны ўдзел у фармацыі лектараў, былі узнагароджаны спецыяльнай граматай, а лектары атрымалі адпаведныя пасведчанні.