Skip to main content

Супрацоўкі Місіі Добрага Самараніна здзейснілі пілігрымку да месца вытокаў дзейнасці сваёй апякункі

З 17 па 20 красавіка

З 17 па 20 красавіка супрацоўнікі Місіі Добрага Самараніна здейснілі пілігрымаванне ў Санкт-Пецярбург, з мэтай бліжэйшага знаёмства з асобай і дзейнасцю святой Уршулі Ледухоўскай.

Святая Уршуля з’яўляецца заснавальніцай ордэна Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага і апякункай Місіі.

Санкт-Пецярбург — гэта месца, адкуль распачынаецца гісторыя яе дзейнасці. У 1907 годзе Ледухоўская прыехала ў Расію, каб пераняць кіраўніцтва над інтэрнатам для дзяўчат, якія вучыліся ў гімназіі пры парафіі святой Кацярыны. Менавіта адсюль пачаў паўставаць і рэалізаваць сваю харызму ордэн сясцёр уршулянак.

Святая Уршуля вядомая ў галіне педагогікі і выхавання. Метады, якія выкарыстоўвала гэта святая, да сённяшняга дня застаюцца актуальнымі. Менавіта па яе ўзору супрацоўнікі Місіі Добрага Самараніна хочуць несці сваё служэнне ў працы з дзецьмі і моладдзю.

Удзельнікі пілігрымкі наведалі парафію святой Кацярыны Александрыйскай, пабылі ў месцах, дзе працавала святая Уршуля, а таксама пазнаёміліся з сучаснай дзейнасцю супольнасці сясцёр уршулянак у Санкт-Пецярбургу. Важнай часткай пілігрымкі быў выезд на Фінскі заліў, на беразе якога, ў месцы пад назвай Мэрэнтэхці (Merentahti) калісьці знаходзілася школа, пабудаваная святой Уршуляй. Пілігрымы правялі там своёасаблівы дзень засяроджання, цэнтральнай часткай якога была Эўхарыстыя.