Skip to main content

У Волме з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбылося ўнясенне рэліквій благаслаўлёных мучанікаў з Пяршаяў

12 красавіка
  • 13 красавіка, 2026
  • Фота: Леанід Юрык // Catholicminsk.by

12 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці, якое адзначаецца ў ІІ Велікодную нядзелюў касцёл святога Яна Хрысціцеля ў Волме (Стаўбцоўскі дэканат) былі ўнесены рэліквіі благаслаўлёных францішканаў з Пяршаяў Германа Стэмпеня і Ахілеса Пухалы.

Напачатку айцец Павел Раманчук OFMConv, пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Івянцы, які прывёз рэліквіі сваіх благаслаўлёных субратоў, распавёў парафіянам гісторыю жыцця і мучаніцкай смерці благаслаўлёных Германа і Ахілеса.

Пасля гэтага распачалася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Перад традыцыйным прывітаннем вернікаў адбыўся абрад урачыстага пераказання рэліквій благаслаўлёных мучанікаў парафіі з прачытаннем адпаведнага дакумента, што здзейсніў айцец францішканін Павел. Пробашч парафіі ксёндз Юрый Бараўнёў падзякаваў ордэну францішканаў за дар прысутнасці благаслаўлёных у іх рэліквіях, а таксама дастойнаму іерарху за прысутнасць і супольную малітву.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што «гісторыя чалавецтва пранізана Божай Міласэрнасцю». Паводле яго, Божае пакаранне чалавека за яго непаслухмянасць была напоўнена міласэрнасцю. Бог абяцаў паслаць Збаўцу, які сваёй крыжовай смерцю і ўваскрасеннем выбавіў чалавецтва з грахоўнага палону і адчыніў яму брамы неба.

Галоўнае пасланне Пасхі — гэта Божая міласэрнасць, якая, па словах святога Яна Паўла ІІ, з’яўляецца адзінай надзеяй свету.

Арцыбіскуп нагадаў, што ў навышэйшай ступені Божая міласэрнасць правілася ў смерці і ўваскрасенні Езуса. Потым, у аб’яўленнях святой Фаўстыне Кавальскай, Езус прадставіў яе галоўныя прынцыпы.

Звяртаючыся да імшальных чытанняў ІІ Велікоднай нядзелі, прамоўца зазначыў, што Божае слова нагадвае аб неабходнасці Божай міласэрнасці, якая прыходзіць да нас праз сакрамэнт пакаяння і іншыя сакрамэнты. Евангелле распавядае пра аб’яўленне ўваскрослага Езуса апосталам, сярод якіх не было Тамаша. Даведаўшыся пра гэта, апостал засумняваўся і сказаў, што не паверыць ва ўваскрасенне, пакуль не ўкладзе ў раны Езуса свае пальцы. Праз тыдзень Езус ізноў з’явіўся апосталам і запрапанаваў Тамашу дакрануцца да Яго ранаў і паверыць. У адказ Тамаш усклікнуў: «Пан мой і Бог мой» (Ян 20, 28). Такім чынам, падсумаваў іерарх, Езус праявіў сваю міласэрнасць да апостала, які паддаўся сумненню. Пры гэтым Ён падкрэсліў значэнне веры чалавека, бо «шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў» (пар. Ян 20, 29).

«А такіх было шмат у гісторыі хрысціянства. Сярод іх — благаслаўлёныя мучанікі з Пяршаяў айцец Герман Стэмпень і айцец Ахілес Пухала. Яны не бачылі Езуса ўжывую, але спаткалі Яго ў Святым Пісанні, у малітве, у францішканскай супольнасці»,

— сказаў арцыпастыр.

Ён моцна падкрэсліў, што ў гадзіну выпрабаванняў падчас Другой сусветнай вайны, калі гэтыя законнікі маглі ўратаваць сваё жыццё, яны не збеглі, але засталіся са сваімі вернікамі. За вернасць Богу і Касцёлу яны заплацілі цаной свайго жыцця.

«Напэўна ўзнікае пытанне: “Божа, дзе ты тады быў? Чаму ты іх не выратаваў і не абараніў?” Тады Бог дае наступны адказ: “Я быў на сваім месцы. А ты, чалавек, дзе быў? Я даў табе закон любові бліжняга, а ты яго забіў?”» — з хваляваннем прамовіў іерарх і адзначыў, што пяршайскія мучанікі «сталіся прыкладам практычнай рэалізацыі Божай міласэрнасці ў жудасных часах нямецкай акупацыі, калі брат узняў руку на свайго на брата».

На пытанне: «Якое пасланне Божай міласэрнасці для нас, людзей ХХІ стагоддзя?» арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў наступны адказ:

  • неабходна прасіць Бога аб Яго міласэрнасці;
  • «неабходна самім быць міласэрнымі і распаўсюджваць любоў і прабачэнне ў адносінах да іншых гэтак жа, як Бог робіць з намі»;
  • неабходна «цалкам даверыцца Хрысту, бо ласка Божай міласэрнасці залежыць ад нашага даверу да Яго».

Гамілію арцыпастыр завяршыў малітвай:

«Міласэрны Езу! Спагадліва паглядзі на свой народ. Прымі яго малітвы. Даруй правіны. Адары ласкай бязмежнай міласэрнасці, каб мы не страцілі надзеі і, жывучы ёй, ішлі шляхам збаўлення».

Пасля Эўхарыстыі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам прысутныя памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, а затым арцыбіскуп прачытаў малітву праз заступніцтва благаслаўлёных мучанікаў францішканаў з Пяршаяў, падчас якой кожны мог у думках папрасіць Бога аб неабходных ласках для сябе і іншых. Напрыканцы набажэнства вернікі атрымалі благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ўшанавалі рэліквіі благаслаўлёных айцоў Германа і Ахілеса.