Skip to main content

Вялікая субота: Пасхальная вігілія ў мінскай архікатэдры

4 красавіка
  • 5 красавіка, 2026
  • Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by

4 красавіка, у Вялікую суботу, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў цэлебрацыю Пасхальнай вігіліі ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Святкаванне галоўнай хрысціянскай урачыстасці года распачалося Літургіяй святла. Перад уваходам у катэдру быў запалены пасхал — вялікая васковая свечка, якая сімвалізуе Уваскрослага Хрыста. Вернікі ў чуванні перад прыйсцем Пана трымалі прынесеныя свечкі, якія запалілі ад пасхала.

Пасля адспявання старажытнага велікоднага гімна Exultet распачалася Літургія слова, дзе прагучала дзевяць урыўкаў са Старога Запавету і чытанне з Евангелля. Кожны з урыўкаў нагадваў удзельнікам літургічнай цэлебрацыі пра поўны любові збаўчы план Бога ад стварэння свету да адкуплення чалавека Сынам Божым. Правобразам Пасхальнай вігіліі як літургічнага ўспаміну той ночы, калі Збаўца ўваскрос з памерлых, з’яўляецца ноч, у якую Бог вызваліў свой народ з егіпецкай няволі.

У вігілійнай гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў важнасць місійнага вымярэння Касцёла, прыгадаўшы прамову апостала Пятра ў доме язычніка Карнэлія.

Гэтае сведчанне апостала заклікана падкрэсліць моц Уваскрасення.

Арцыпастыр навучаў, што вера нараджаецца з асабістай сустрэчы з Хрыстом і дазваляе радасна сведчыць пра Яго і прыпадабняцца да Яго.

Згодна з Евангеллямі, Езус паказвае прабітыя рукі і бок устрывожаным і спалоханым вучням.

Прамоўца прапанаваў вернікам паразважаць над пытаннямі: адкуль гэтая рэалістычнасць у апісанні? Чаму Хрыстус з’яўляецца з ранамі на целе? І сам падаў цікавую і глыбокую інтэпрэтацыю паводле святога Антонія Падуанскага: Бог запісаў імя кожнага чалавека на далонях Хрыста, у якасці чарніла выкарыстаўшы Кроў Езуса, а ў якасці пяра — цвікі…

«”Вось, Я выгравіраваў цябе на далонях Маіх” (пар. Іс 49, 16), таму Езус паказвае свае далоні, каб засведчыць сваю нязменную Міласэрнасць. Гэта пасланне не для другога прыйсця, калісьці там у Парузіі, але для нашага цяперашняга моманту»,

— адзначыў арцыбіскуп Станеўскі.

Іерарх нагадаў, што Бог блізкі да чалавека і сёння, Ён не забыўся пра гэты свет, і назваў вернасць Божую  самай лепшай страхоўкай для чалавека. Бога не расчароўвае чалавечая слабасць — Творца верны чалавеку незалежна ад яго пачуццяў, Ён першы падае руку, бо Ён —Айцец.

Ведаючы і моцна верачы ў гэта, паводле прамоўцы, нельга не сведчыць аб гэтым іншым.

«Бог чакае ад нас, што мы станем Яго сведкамі — сведкамі Уваскрослага Хрыста ў мітусні гэтага свету»,

— заклікаў вернікаў да дзеяння Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Наступнай часткай цэлебрацыі стала Літургія хросту, падчас якой супольнасць Касцёла прыняла новага члена — Агату, а ўсе астатнія вернікі аднавілі абяцанні, дадзеныя на ўласным хросце імі самімі або іх бацькамі.

Завяршылася Пасхальная вігілія Эўхарыстычнай літургіяй і ўрачыстым благаслаўленнем.