Skip to main content

У Мінску прайшла дыяцэзіяльная велікапосная сустрэча міністрантаў

26 сакавіка
  • 26 сакавіка, 2026
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: з архіва душпастырства мінсітрантаў // Catholicminsk.by

26 сакавіка мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі сабраў на велікапосную сустрэчу міністрантаў з розных частак Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі з парафій Мінска і Мінскага раёна (архікатэдральная парафія, парафіі ў Чыжоўцы, Малінаўцы, Кунцаўшчыне, Зялёным Лузе, на Залатой Горцы і ў вёсцы Копішча), а таксама міністранты, якія прыехалі ў Мінск з гарадоў Барысаў, Беразіно, Бялынічы і Стоўбцы, а таксама з аграгарадкоў Дзераўная і Багданава ― у большасці разам са сваімі душпастырамі.

Была агучана лічба міністрантаў ― 57 чалавек.

Пасля прывітальнага слова адказнага за душпастырства міністрантаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндза Аляксандра Шыманскага наступіла першая частка сустрэчы ― катэхеза, якую правялі сястра Марыя Мінютка USJK з Місіі Добрага Самараніна і катэхетка Крысціна Ефімовіч, якая праводзіць катэхезы ў Мінску, Смалявічах і Будславе. Галоўнай тэмай катэхезы стаў Святы Пасхальны Трыдуум.

Незвычайныя для міністранцкай публікі вядучыя не сталі абмяжоўвацца падачай інфармацыі, але хутка перавялі катэхезу ў адзін суцэльны інтэрактыў.

Пасля працы ў групах, на якія былі падзеленыя міністранты, наступіла чарга згадванню літургічных прадметаў або іх частак навобмацак, па паху, гуку або выглядзе. Заданне, насуперак агульнаму меркаванню, аказалася не такім лёгкім і часта патрабавала дапамогі калегаў па групе. Затым хлопцы сталі адзін за адным на ўсю даўжыню касцёла і адказвалі на пытанні вядучых, робячы крок направа (адказ «не») або налева (адказ «так»). Такім чынам, яны дапоўнілі і замацавалі свае веды па літургіі Пасхальнага Трыдуума.

Другой, цэнтральнай часткай міністранцкай сустрэчы была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый архідыяцэзіі.

Гамілію прамовіў ксёндз Аляксандр Шыманскі. Ён нагадаў, што падчас Вялікага посту вернікі звяртаюць асаблівую ўвагу на стан уласнага духоўнага жыцця. Галоўнай пагрозай для яго з’яўляецца грэх, які святар параўнаў з цяжкай хваробай ― абмаражэннем ці гангрэнай, ― калі чалавек страчвае адчуванне і яму здаецца, што ўсё ў парадку, хоць на самой справе яму пагражае смерць.

Адказны за душпастырства міністрантаў параіў звяртацца да Боскага лекара Езуса Хрыста з просьбай аб аздараўленні і трымацца Ягоных прадпісанняў, якімі ёсць Божыя Запаведзі і Евангелле.

Пасля пастырскага благаслаўлення, якое ўдзяліў іерарх, ён перадаў слова ксяндзу Паўлу Эйсманту, дырэктару партала ККББ catholic.by і галоўнаму рэдактару catholicminsk.by, які падказаў мінсітрантам, як увайсці на каталіцкія старонкі, каб прачытаць навіны і знайсці для сябе шмат карыснай інфармацыі, а таксама заахвоціў падпісацца на сацыяльныя сеткі гэтых інтэрнэт-рэсурсаў.

Пасля памятнага агульнага і прыватных фота ўдзельнікі сустрэчы ў дольным касцёле падмацаваліся смачнай піцай і салодкімі напоямі.