Skip to main content

Слова, якое аб’ядноўвае: Мітрапаліт Юзаф Станеўскі сустрэўся з вернікамі з парушэннем слыху (+ ВІДЭА)

4 студзеня
  • 7 студзеня, 2026
  • Тэкст: кс. Ян Кузюк / Фота: удзельнікі сустрэчы // Catholicminsk.by

У першую нядзелю новага года, 4 студзеня, Мінская архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі стала месцам асаблівай і глыбокай духоўнай сустрэчы. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі узначаліў святую Імшу, якая была цалкам адаптавана для людзей глухіх і з парушэннем слыху. Гэта падзея стала яркім сведчаннем таго, што Касцёл адкрыты для ўсіх і Божае слова даходзіць да кожнага сэрца, незалежна ад фізічных абмежаванняў людзей.

Кожная малітва, чытанне Евангелля і гамілія былі перакладзены на жэставую мову (ЖМ), што дазволіла ўсім прысутным поўнасцю ўключыцца ў літургію.

Падчас гаміліі Мітрапаліт Станеўскі, звяртаючыся да вернікаў праз перакладчыка ЖМ Юрыя Стэльмаха, падкрэсліў:

«Бог гаворыць да нас не толькі праз гукі, але перш за ўсё праз любоў, якую мы адчуваем у сэрцы і бачым у вачах братоў і сясцёр. Ваша вера, якая пераадольвае ўсе перашкоды, з’яўляецца асабліва дарагім скарбам для нашага Касцёла».

Пасля Імшы адбылася аплаткавая сустрэча з арцыбіскупа з вернікамі з парушэннем слыху і валанцёрамі. Ён адзначыў, што сустрэча з гэтай суполкай для яго з’яўляецца вялікай радасцю.

Душпастыр вернікаў з парушэннем слыху ксёндз Ян Кузюк сказаў, што мэтай мерапрыемства было не проста правядзенне Эўхарыстыі і аплаткавай сустрэчы, а стварэнне прасторы, поўнай інклюзіі, дзе кожны вернік можа адчуць сябе часткай аднаго Цела Хрыста.

Удзел у такіх набажэнствах прымаюць не толькі людзі з парушэннямі слыху, але і іх сваякі, сябры, а таксама валанцёры, якія вывучаюць ЖМ.

Гэтая сустрэча — важны крок да большай адкрытасці і даступнасці Касцёла для ўсіх. Божае слова, перададзенае праз мову жэстаў, набыло новую візуальную моц, нагадваючы, што найгалоўнейшае ў веры — гэта любоў, разуменне і супольнасць, якія не ведаюць перашкод.

Відэа з Імшы з удзелам вернікаў з парушэннямі слыху