Skip to main content

Біскуп Юрый Касабуцкі наведаў парафіі ў Слуцку і Старых Дарогах

4 студзеня
  • 7 студзеня, 2026
  • Тэкст і фота: с. Вікторыя Галуза CSSH // Catholicminsk.by

4 студзеня, у Другую Нядзелю пасля Божага Нараджэння, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі завітаў у парафіі святога Антонія ў Слуцку і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Старых Дарогах (Нясвіжскі дэканат).

Напачатку сустрэчы пастыр наведаў парафіяльныя яслі: менавіта ў францішканаў яны адрозніваюцца разнастайнасцю і маштабнасцю.

Асаблівым момантам сустрэчы стала святая Імша, якую узначаліў іерарх.

Падчас гаміліі біскуп звярнуўся да вернікаў:

«У Бога няма выпадковасцей. Кожнае наша спатканне — гэта падарунак, які павінен несці радасць і любоў».

Ён нагадаў, што Езус прыйшоў у свет, каб «пазнаць усе цяжкасці чалавека, таму кожны з нас у любы момант можа да Яго звярнуцца і можа быць упэўнены, што яго прымуць і пачуюць».

Напрыканцы Імшы ў Слуцку адбыўся канцэрт калядных песень. Дзеці з усёй шчырасцю і захапленнем праслаўлялі Бога, выконваючы традыцыйныя і сучасныя калядныя спевы, а таксама дэманструючы свае таленты, іграючы на розных музычных інструментах. Іх выступ стаў жывой малітвай, якая кранула сэрцы ўсіх прысутных.

Візіт біскупа Юрыя не толькі ўмацаваў супольнасці, але і нагадаў простую і глыбокую праўду: кожная сустрэча можа стаць крыніцай любові і цеплыні, калі людзі адкрыюць на яе свае сэрцы.