Парафія святога Францішка ў Копішчы правяла дабрачынную акцыю для дзяцей
- 22 снежня, 2025
- Тэкст: бр. Арцём Кейзік OFMCap / Фота: Надзея Банцарэвіч // Catholicminsk.by
20 снежня валанцёры Caritas парафіі святога Францішка ў вёсцы Копішча (сталічны мікрараён Новая Баравая), разам з парафіяльным хорам TRANSITUS і братамі капуцынамі правялі дабрачынную акцыю ў дзяржаўнай ўстанове адукацыі «Асіповіцкая спецыяльная школа-інтэрнат».
Сваім візітам удзельнікі акцыі хацелі прынесці дзецям радасць, увагу і падтрымку, а таксама падзяліцца добрым настроем напярэдадні свята Божага Нараджэння.
Валанцёры падрыхтавалі для выхаванцаў інтэрната забаўляльную праграму, напоўненую гульнямі, спевамі і танцамі. Асаблівае месца занялі народныя і касцёльныя спевы, якія стваралі асаблівую цёплую атмасферу адкрытасці і ўзаемнай радасці. Спеў і рух спрыялі наладжванню непасрэднага кантакту з дзецьмі і далі магчымасць кожнаму адчуць сябе часткай жывой і клапатлівай супольнасці.
Важным момантам мерапрыемства стала з’яўленне святога Мікалая, які прынёс дзецям падарункі. Гэтая частка сустрэчы выклікала асаблівую радасць і захапленне, стала знакам увагі і памяці пра кожнае дзіця. Падарункі былі сімвалам не толькі матэрыяльнай дапамогі, але і шчырага жадання падзяліцца цеплынёй сэрца і адчуваннем надыходзячага чараўніцтва, з якім у дзяцей асацыююцца надыходзячыя святы.

Арганізаваная акцыя стала выразным прыкладам практычнай рэалізацыі місіі Caritas, якая заключаецца ў служэнні тым, хто найбольш за ўсіх мае ў гэтым патрэбу. Сумесныя намаганні валанцёраў, хору і братоў выразна падкрэслілі не толькі важнасць адзінства і супрацоўніцтва ўнутры парафіі, але і тое, што справы міласэрнасці з’яўляюцца неад’емнай часткай хрысціянскага сведчання.
Дабрачынны візіт у школу-інтэрнат нагадаў, што падрыхтоўка да Божага Нараджэння не абмяжоўваецца толькі знешнімі традыцыямі, але перш за ўсё выражаецца ў канкрэтных учынках любові, салідарнасці і адказнасці за бліжняга.













